Ці ведае хто‑небудзь, зь якой нагоды ў райвыканкамах разьмясьціліся міліцэйскія пасты? Барацьба з тэрарызмам, ці нейкая пагроза жыцьцю нашых чыноўнікаў і дэпутатаў мясцовага ўзроўню? Ня ведаю. Але ў нашым Лунінцы такі вартавы парадку ў званьні старшыны нясе службу спраўна. І зброю мае пры сабе, гумовую палку.
Цікавы выпадак здарыўся з маім знаёмым на мінулым тыдні. Трэба было яму да аднаго з чыноўнікаў, вось і вырашыў наведаць райвыканкам. Сьпякота, лета ж на дварэ: адпаведна апрануты — летняя кашуля і шорты. Паехаў зь вёскі на аўтобусе ў райцэнтар.
Прыйшоў у райвыканкам — і з пытаньнем да міліцыянта:
— У якім кабінэце знаходзіцца такі і такі чыноўнік, на якім паверсе?
— Табе сюды не паложана! — пачуў замест адказу на сваё пытаньне .
— Прабачце, я не зразумеў.
— Што непанятна, у шортах не паложана!
— А хто забараняе? Чаму вунь у вас дзяўчаты ходзяць у міні, ажно трусікі відаць?
— Я сказаў, што не паложана.
Мой прыяцель ня стаў спрачацца, пайшоў у краму, набыў там нагавіцы.
Але марнымі аказаліся яго намаганьні. У нагавіцах яго прапусьцілі, але патрэбнага чыноўніка ўжо не было на месцы.
І сьмех і грэх.Чаму дыскрымінуюць шорты — такая зручная і камфортная для лета вопратка?





