У Бэрліне і Гамбургу пачаўся ў чацьвер а 8‑й гадзіне страйк машыністаў з прафсаюзу GDL. У абодвух гарадах сябры прафсаюзу затрымалі на дзьве гадзіны рух цягнікоў хуткай гарадзкой чыгункі (S‑Bahn).

Паводле першапачатковых плянаў GDL, страйк мусіў закрануць таварныя цягнікі, аднак працоўны суд забараніў да 30 верасьня акцыі, што могуць спаралізаваць таварны і пасажырскі рух. Судзьдзі ў Нюрнбергу палічылі, што гэткая акцыя ў час вакацыяў магла б нанесьці вялікія страты нямецкай эканоміцы.

Прафсаюз GDL адрокся ад прысуду. Суд перагледзіць справу ў бліжэйшую пятніцу .

«Мы хацелі пашкадаваць пасажыраў і спыніць рух таварных цягнікоў, аднак суд разладзіў нашыя пляны» — сказаў кіраўнік GDL у Гамбургу Норбэрт Квірттэлер.

GDL патрабуе павышэньня заробкаў на 31 адсотак, паляпшэньня ўмоваў працы для тых, хто працуе па зьменнай сыстэме, а таксама асобнай калектыўнай дамовы для 12 тыс. машыністаў, якія належаць да прафсаюзу. Кіраўніцтва Нямецкай дзяржаўнай чыгункі (Deutsche Bahn — DB) адкінула гэтыя патрабаваньні.

Падчас праведзенага на мінулым тыдні галасаваньні на карысьць страйку выказалася 95,8 адсоткаў сябраў прафсаюзу.

Сотні тысячаў немцаў не былі падрыхтаваныя сёньня зранку да страйку машыністаў. Некаторыя рэагавалі з злосьцю і абурэньнем, аднак многія паставіліся з разуменьнем да забастоўкі: «Дабіцца выкананьня сваіх патрабаваньняў можна толькі пры дапамозе страйку.» Пасажыры сутыкнуліся з сур’ёзнымі цяжкасьцямі й былі вымушаныя карыстацца альтэрнатыўным транспартам — аўтобусамі, прыгараднымі цягнікамі, а ў Бэрліне таксама і мэтро.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?