Дырэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Уладзімір Іосіфавіч Дзяшко.

— Для пачатку скажыце, калі ласка, Уладзімір Іосіфавіч: ваш эксперымент, калі інстытут прыняў на сябе абавязкі не толькі праекціроўшчыка, але і заказчыка — ён не быў памылкай? Што паказаў час?

— Ёсць нямала прыкладаў у сусветнай практыцы, калі функцыі заказчыка паспяхова выконвае аўтар праекта. Гэта пацвярджае і наш пяцігадовы вопыт работы як інжынірынгавай фірмы. Галоўнай фігурай на будаўнічай пляцоўцы павінен усё ж быць дойлід — архітэктар, праекціроўшчык, канструктар. У самалётабудаванні хто галоўны? Канструктар. Так і тут. Таму мы, ідучы за патрабаваннямі жыцця, прынялі на сябе клопатныя функцыі заказчыка. Гэта цалкам апраўдана, бо ў такім выпадку праекціроўшчык не адарваны ад вытворчасці, ён суправаджае свой праект да поўнай рэалізацыі, ажыццяўляе аўтарскі і тэхнічны нагляд і можа аператыўна ўплываць на лёс аб’екта.

Па такой схеме мы пабудавалі шмат унікальных аб’ектаў: першы этап Савецкай плошчы — у цэнтры Гродна, з прылеглымі вуліцамі, з падземным пераходам. Зараз знаходзімся ў стадыі пачатку другога этапу. Гэта буйны аб’ект нават па рэспубліканскіх мерках, па аб’ёмах выходзіць на 44 мільярды рублёў. Ён уключае ў сябе мост — самы стары мост у Гродне, і падыходы да яго з цэнтра горада і з боку вуліц Савецкіх пагранічнікаў і Перамогі. Перасячэнне гэтых вуліц прыме на сябе адразу некалькі транспартных патокаў, і тут упершыню будзе ўбудаваны так званы «разрэзаны круг». У Мінску ўжо шмат такіх перакрыжаванняў, у Гродне прыменім упершыню. І наогул транспартная схема пасля рэканструкцыі моста і падыходаў да яго будзе зменена — з’явяцца аб’езды вакол гістарычнага цэнтра горада, што дазволіць адчувальна яго разгрузіць.

У нас самы высокі ў рэспубліцы ўзровень аўтамабілізацыі, і праблему патрэбна вырашаць аператыўна. А тое, што ў прэсе вядзецца палеміка — патрэбна гэта ці не патрэбна, па вялікаму рахунку «прыцягнута за вушы»

У нас самы высокі ў рэспубліцы ўзровень аўтамабілізацыі, і праблему патрэбна вырашаць аператыўна. А тое, што ў прэсе вядзецца палеміка — патрэбна гэта ці не патрэбна, па вялікаму рахунку «прыцягнута за вушы», бо разлікі паказваюць не проста неабходнасць, а вострую неабходнасць вырашаць праблему неадкладна. Інакш горад захліпнецца. Гэта аксіёма. І ўсялякія домыслы, што ідзе разбурэнне Гродна, домысламі і застаюцца. Гэта пытанне не эканамічнае, не тэхнічнае, а больш палітычнае. Відаць, ёсць пэўны заказ, нам проста спрабуюць зрабіць падножку і перашкодзіць рэалізаваць тое, што робіцца згодна з генпланам развіцця горада Гродна, які зацверджаны яшчэ ў 2003 годзе.

Цікава, што калі размаўляеш з апанентамі, яны быццам усё разумеюць. Як толькі справа даходзіць да сродкаў масавай інфармацыі, яны зноў пра ўсё забываюць і вылучаюць нейкія свае ідэі, нічым не абгрунтаваныя. Напрыклад, з’явілася паспешлівая ідэя будаўніцтва чацвёртага моста, якая пакуль не абгрунтавана фінансава. З цягам часу чацвёрты мост сапраўды будзе патрэбен, але зараз гораду яго не «падняць». А сённяшняя наша праграма пралічана шэрагам кампетэнтных спецыялістаў, зацверджана аблвыканкамам, яна будзе прафінансавана адпаведным чынам, і мы павінны яе рэалізаваць.

Тая ж самая карціна назіралася, калі праектавалі і выконвалі развязку па Будзённага, апанентаў было вельмі многа. Зараз развязка працуе цудоўна, і ўсялякая крытыка сціхла.

Галоўны архітэктар інстытута Аляксандр Барысавіч Тараненка.

— Гродна — унікальнейшы, адзіны ў сваім родзе горад Беларусі, што захаваў і гістарычную, і культурную, і архітэктурную спадчыну. Адзіны горад, дзе застаўся гістарычны цэнтр, які мы ў апошні час на працягу некалькіх гадоў актыўна прыводзім у парадак — рамантуем, добраўпарадкоўваем. Што не рабілася дзесяткі гадоў. У мінулыя часы маглі дазволіць сабе перафарбоўку франтонаў на дамах да святаў, не больш. Зараз усё ў корані змянілася, ідзе капітальная рэканструкцыя не толькі цэнтральнай часткі, але і усяго горада ў цэлым. Узяліся нарэшце за дарогі, гарадскія магістралі, проста вуліцы, якія зараз чакае не проста добраўпарадкаванне, але і расшырэнне — робяцца новыя, шырокія тратуары, яны азеляняюцца. Апошнія год‑два нашы азеляніцелі сталі цудоўна працаваць. Ну і, канешне, рамонт і рэканструкцыя будынкаў, асабліва ў цэнтры горада. Былі прыняты адпаведныя праграмы, па якіх мы займаліся, у прыватнасці, Савецкай плошчай — у 2005 годзе, работы працягваюцца і зараз, зроблена вельмі многа. Акрамя таго, на вуліцы Горкага правялі тры этапы рэканструкцыі, у выніку яна выйшла на еўрапейскі ўзровень — і па інжынернаму абустройству, і па добраўпарадкаванню: машчэнне, свяцільнікі… Намаганнямі не толькі нашага калектыву, але і калег з іншых інстытутаў, стараннямі будаўнікоў адрамантаваны практычна ўсе цэнтральныя вуліцы — і Сацыялістычная, і праспект Касманаўтаў, вуліца Кляцкова і г.д. Цэнтральныя вуліцы альбо адрамантаваны, альбо знаходзяцца «ў працэсе» рамонту. Вось адна з апошніх работ — працяг бульвара Ленінскага Камсамола да вуліцы Дзяржынскага новай шасціпалоснай магістраллю даўжынёй больш за кіламетр. Яна будзе звязваць мікрараёны Пярэселку з Дзевятоўкай.

Будынкі ў цэнтры, у тым ліку ў гістарычным цэнтры горада, даволі моцна струхлелі, таму ў праектна‑рэстаўрацыйнай майстэрні нашага інстытута, якая займаецца гістарычнымі будынкамі і іншымі асабліва каштоўнымі аб’ектамі, шмат работы. Рамонт і рэканструкцыя вядуцца на сучасным узроўні. Ідзе не проста пакраска фасадаў, а ўцяпленне і тынкоўка сцен, замена сталяркі, замена дахаў — самая сапраўдная рэканструкцыя. Выкарыстоўваюцца даволі якасныя матэрыялы, у асноўным айчынных вытворцаў, нават металапрофіль і металачарапіцу пачалі выпускаць у Гродне.

Пры добраўпарадкаванні адмаўляемся ад асфальту (акрамя праезных частак), і выкладваем тратуары дробнаштучнай пліткай, таксама сваёй, гродзенскай. Выбар яе вельмі вялікі — па канфігурацыі, па колеру. Архітэктарам зараз лёгка ў гэтым сэнсе працаваць, яны малююць розныя камбінацыі машчэння, а будаўнікі спрабуюць увасобіць іх у натуры. У парку Жылібера, у іншых скверах, на пешаходных алеях, тратуарах усё гэта можна бачыць. Актыўна ўводзім колер.

— Наколькі дазваляльна ўмешвацца ў старую архітэктуру новымі архітэктурнымі формамі, канкурыраваць з дойлідамі ХVІІІ, ХІХ, ХХ стагоддзяў?

Устаўка паміж двума будынкамі старой забудовы можа быць нават суперсучаснай, са шкла і бетону — крышталік, у гранях якога будзе адлюстроўвацца векавая прыгажосць побач.

— Пры рэстаўрацыі мы павінны захоўваць воблік арыгінала, якім ён быў. Там усе дэталі захоўваем, нават калі ўцяпляем будынак, тынкуем. Робім хіманаліз, глядзім, у які колер будынак быў пафарбаваны ў былыя часы і імкнёмся захоўваць колеры і адценні, што былі ўласцівы таму часу. Пры новым будаўніцтве ў нас большая прастора для творчасці, але калі аб’ект узводзіцца ў атачэнні старой забудовы, калі патрэбна запаўняць нейкія брэшы (напрыклад, знеслі стары дом), то стараемся ўтрымацца ў агульнай стылістыцы. Каб не дысаніраваць новай пабудовай. Праўда, можна «іграць» і на кантрастах, калі ўсё зараней дакладна пралічана і гарманічна. Устаўка паміж двума будынкамі старой забудовы можа быць нават суперсучаснай, са шкла і бетону — крышталік, у гранях якога будзе адлюстроўвацца векавая прыгажосць побач.

Адзінае, чаго сабе не дазваляем, то гэта вышыннікі, бо на «слупкі» ў цэнтры горада ў нас накладзена табу. У новых раёнах, на новабудоўлях — калі ласка. Вось зараз выбіраюцца месцы ў горадзе, каб «пасадзіць» на іх вышыннікі ў 23 паверхі. Такія акцэнты ў новых мікрараёнах могуць толькі вітацца. А цэнтр горада — гэта святое, тут павінны дамінаваць такія відавыя кропкі, як фарны касцёл, і яго нельга нічым перабіваць.

Выкарыстоўваем вітражы, яны прыдаюць нацыянальны каларыт і аздабляюць квартал. Канешне, архітэктар павінен капітальна папрацаваць, каб не сапсаваць асяроддзе нейкімі ўстаўкамі, элементамі, рэкламай. У кожным канкрэтным выпадку прарысоўваем у некалькіх варыянтах усю забудову вуліцы і глядзім, што з гэтага атрымліваецца. Мы працуем з матэрыялам, які патрэбна захоўваць усімі сіламі — з культурай прашчураў.

— Ці часта вашы спецыялісты вывучаюць гістарычныя крыніцы, перш чым брацца за распрацоўку праекта таго ці іншага аб’екта?

— Калі працуем у цэнтры горада, то абавязкова. Часцей за ўсё такімі аб’ектамі займаецца наша рэстаўрацыйная майстэрня, у штаце якой працуе і прафесійны гісторык. Пачынаем заўсёды з гістарычнай даведкі. Калі фактычнага матэрыялу не хапае, шукаем яго ў Санкт‑Пецярбургу, а то і ў Варшаве, у польскіх архівах. Любы гістарычны будынак за доўгія часы яго існавання мог некалькі разоў перабудоўвацца, таму ў рэстаўрацыйным заданні павінна быць дакладна вызначана: рэстаўрацыя ці рэканструкцыя на які гістарычны перыяд? І на гэты перыяд падбіраем матэрыялы.

Сёння прыступаем да рамонту будынка тэатра лялек — таксама архітэктурны помнік. Потым нашы спецыялісты падключацца да рэстаўрацыі Каложы. Нядаўна быў выдадзены праект рэстаўрацыі будынка Гродзенскай епархіі. У нас рэстаўрацыйная майстэрня маленькая, але работы ў іх вельмі многа.

— Падчас рэстаўрацыі стараецеся проста аднавіць, не нашкодзіць, ці… зрабіць лепш?

— Наколькі гэта магчыма, зрабіць лепш. Жыццё не стаіць на месцы і вылучае новыя патрабаванні. Развіваецца і наша прафесія, атрымлівае новыя магчымасці. Той жа парк Жылібера мы не проста аднавілі, не проста вярнулі яму першапачатковы выгляд, а ператварылі ў высокі твор ландшафтнага мастацтва. Няма адбою ад наведвальнікаў — гараджан і турыстаў.

У сваёй рабоце абапіраемся на вопытных спецыялістаў, якія працуюць ужо не адзін год. Дапамагае абмеркаванне праектаў на тэхнічных і архітэктурных саветах інстытута, з запрашэннем заказчыкаў. У нас пастаянна бываюць галоўны архітэктар горада і галоўны архітэктар вобласці, канструктыўна вырашаем пытанні з намеснікам старшыні гарвыканкама па будаўніцтву.

Галоўны інжынер унітарнага прадпрыемства «Гроднаграмадзянпраект» Рышард Браніслававіч Кацынель.

Выклікае здзіўленне, што планы рэканструкцыі моста, як і транспартных развязак, суправаджаюцца крытыкай у некаторых сродках масавай інфармацыі і Інтэрнэце.

…Што датычыць гарадскіх праблем, у прыватнасці рэканструкцыі моста цераз Нёман у цэнтры Гродна. Пабудаваны ён сто гадоў таму, яго двойчы ўзрывалі — у першую сусветную і ў другую сусветную войны, яму патрэбен капітальны рамонт, як і належыць па нормах, праз 60 гадоў эксплуатацыі. Прычым, мост патрэбна будзе значна расшыраць, бо праехаць па ім ужо немагчыма таму патоку машын, які сёння «віруе» ў горадзе. Знойдзена арыгінальнае тэхнічнае рашэнне, якое дазволіць зрабіць рамонт у сціслыя тэрміны, прыкладна за 14 месяцаў, эканомячы гораду ў год прыкладна сто чыгуначных цыстэрнаў паліва, якое спатрэбілася б транспарту для аб’езду. Таму выклікае здзіўленне, што планы рэканструкцыі моста, як і транспартных развязак, суправаджаюцца крытыкай у некаторых сродках масавай інфармацыі і Інтэрнэце. Дзіўна, што аўтары публікацый гутараць з кім заўгодна, толькі не з намі самімі — ніхто з іх не прыйшоў, скажам, да мяне і не пацікавіўся, што мы робім і як наогул думаем рабіць, як збіраемся захоўваць тое, што належыць захаваць. Публікацыі ідуць пад лозунгам «Не чапайце стары горад, рукі прэч ад моста». Лозунг сам па сабе прыгожы, але не бярэцца пад увагу, што ўжо даўно транспартныя артэрыі абласнога цэнтра штодня ў часы пікавых нагрузак фактычна паралізаваныя. І чым далей, тым больш. Апаненты гавораць: «Патрэбна захаваць цэнтр!» А мы што, супраць? Але калі яго не рамантаваць, не рэстаўрыраваць, не даглядаць, то страцім хутка і назаўсёды.

Яшчэ адзін аргумент крытыкаў: «Вы павялічыце паток транспарту праз цэнтр». Гэта як паглядзець. Зараз цераз мост, па дзвюх паласах, праязджае, а дакладней, прасоўваецца, тры тысячы аўтамабіляў у гадзіну. Гэта норма для будучага чатырохпалоснага моста. Зразумела, што так ці інакш ужо сёння патрэбна мець чатыры паласы. Мы ўзгаднілі ў Міністэрстве культуры рэканструкцыю моста, як і рэканструкцыю Савецкай плошчы і падыходаў да яе. Безумоўна, патрэбна нейкім чынам вызваляць цэнтр горада ад транспарту, таму прапаноўваем Міністэрству культуры пабудаваць так званыя абвадныя рукавы з моста на вуліцу Будзённага, не заязджаючы ў цэнтр, і на дадатковую трасу ўздоўж ракі Гараднічанкі на вуліцу Горкага. Сродкаў на гэтыя два рукавы спатрэбіцца не многа, яны абыйдуцца куды танней, чым будаўніцтва яшчэ аднаго, чацвёртага моста ў самым цэнтры, ідэя якога мусіруецца. Тут 8 мільярдаў, там 200 мільярдаў, дзе іх узяць? Ніадкуль на нас грошы не пасыплюцца, патрэбна зыходзіць з рэальнай сітуацыі.

Дзякуючы старанням кіраўніцтва горада і вобласці, саміх яго жыхароў горад прыгажэе і развіваецца. Замежныя госці, якія да нас прыязджаюць часта, гавораць так: вы ў сваёй Беларусі будуеце больш чым хто. Мы ўспрымаем гэта як камплімент. А з абаронцамі старыны мы знойдзем, я спадзяюся, агульную мову. Калі, канешне, яны кіруюцца шчырым жаданнем рабіць дабро для свайго краю, а не нейкімі незразумелымі палітычнымі матывамі.

Цалкам матэрыял даступны на сайце «Звязды»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0