Аляксандар Лукашэнка ўхваліў адпаведныя прапановы прэм’ера Сідорскага.
У Беларусі падрыхтавана ўрадавая праграма выкарыстання мінеральна‑сыравіннай базы краіны. Аб прадугледжаных гэтай праграмай праектах прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку сёння далажыў прэм’ер‑міністр краіны Сяргей Сідорскі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.
У прыватнасці, у Беларусі прадугледжваецца атрымліваць паліва з бурага вугалю. Паводле слоў прэм’ера, цяпер на тэрыторыі краіны завершана разведка радовішчаў бурага вугалю агульным аб’ёмам 150 млн.т. Быў падрыхтаваны праект, які прадугледжвае магчымасць атрымання паліва з бурага вугалю метадам сінтэзавання. Паводле ацэнак экспертаў, пры існуючым рэсурсе можна атрымліваць да 500 тыс.т паліва ў год.
Гэта вельмі высокатэхналагічны праект, аналагаў якому ў свеце — адзінкі, адзначыў Сяргей Сідорскі. Кошт праекта перасягае $2 млрд. Цяпер урад Беларусі займаецца пошукам інвестараў для яго рэалізацыі.
Прэм’ер‑міністр таксама далажыў прэзідэнту аб праектах па распрацоўцы сланцавых і жалезных руд. Кіраўнік дзяржавы адобрыў усе тры праекты, якія павінны быць рэалізаваны ў бліжэйшыя гады.





