Цяпер яго творы на беларускай мове спяваюць практычна ва ўсіх вайсковых часцях краіны.

«Наша Ніва»: Дзе Вы нарадзіліся і раслі?

Сяргей Макей: У Валожыне. Менавіта з гэтых мясцін наш класік Вінцэнт Дунін­-Марцінкевіч, сучасныя паэты Віктар Шніп, Алесь Пісарык. Пералік можна доўжыць. Я ганаруся тым, што нарадзіўся менавіта там.

«НН»: З дзяцінства ведалі, кім станеце?

СМ:

Выбару прафесіі асабліва і не было. На цяперашні момант насельніцтва Валожына складае каля 14 тысяч, дык вось з іх 3—4 тысячы — вайскоўцы (былыя і дзеючыя) і іх сем’і. Мой лёс быў прадвызначаны.
Асяроддзе паўплывала. Ужо ў дзіцячым садзе, калі мяне пыталі: «Кім ты будзеш?», я адказваў, што буду салдатам. Бацька ў мяне быў вайскоўцам, а маці 40 гадоў загадвала бібліятэкай у вайсковай часці. Адным з маіх захапленняў была журналістыка. Напісаў больш за 300 публікацый у розных выданнях. Калі я быў курсантам, які атрымліваў 28 рублёў, я кожны месяц жонцы з дзіцём адсылаў 100 рублёў. Усе гэтыя грошы я зарабляў дзякуючы таму, што пісаў.

«НН»: Якая ў Вас адукацыя?

СМ: Я скончыў камандны факультэт Чарапавецкага вышэйшага вайсковага інжынернага вучылішча радыёэлектронікі. Паступіў не адразу. Я меў вельмі сур’ёзную траўму хрыбта. Чатыры разы паступаў у вайсковае вучылішча.

Калі праходзіў медкамісію, доктар паглядзеў на мяне і сказаў: «Непрыдатны».
Тады я паступіў у тэхнікум сувязі ў Мінску, але кожны год падаваў дакументы ў вайсковае вучылішча. На чацвёрты раз, калі ў мяне была апошняя спроба, як кажуць, «выйсці замуж», бо да 21 года можна паступаць у вайсковае вучылішча, а мне было ўжо 20, лекар адвёў позірк убок і зрабіў выгляд, нібыта мяне не ведае, і напісаў, што я прыдатны. Пэўна, пашкадаваў.

«НН»: Цяпер з такім намаганнем хлопцы імкнуцца пазбегнуць войска, а ў Вас усё наадварот.

СМ: Я шмат сустракаўся з тымі людзьмі, якія хацелі «адкасіць» ад войска, і з бацькамі іх таксама сустракаўся. Былі такія моманты, калі маці прыходзіла і казала: «Ой, у мяне сыночак такі хворы, такі хворы, у яго скаліёз першай ступені. Ён нічога не можа рабіць, яму спіна баліць. Ён памірае, оёй­оёй, вызваліце яго ад службы». У мяне было значна горш, і такія словы, акрамя ўсмешкі, нічога не выклікаюць. Гэта проста звычайная лянота.

«НН»: Дзеля чаго ў войска ішлі Вы?

СМ:

Дзеля таго, каб нешта змяніць у лепшы бок. Хай у сваім узводзе, роце ці батальёне, якімі я ў розны час камандаваў, ці на больш высокіх пасадах, якія займаў. У мяне не было мэты атрымаць льготы ці іншую выгаду.
Можа таму я даслужыўся да палкоўніка, звольніўся ў запас, але да гэтага часу жыву ў інтэрнаце, кватэра будуецца, але як хутка атрымаю ключы — не ведаю.

«НН»: Войска ў грамадстве мае непрывабны вобраз, няўжо ўсё так страшна?

СМ: Трэба ведаць, што моцны ўплыў на меркаванне грамадства мае расійскае войска. Усе веды грамадства наконт арміі засталіся альбо з часоў Савецкага Саюза, альбо падпітваюцца з Расіі. У інтэрнэце асноўны паток інфармацыі пра армію ідзе з Расіі. Але трэба зразумець, што Расія і Беларусь — розныя дзяржавы. І войскі ў іх розныя.

«НН»: І ёсць нейкае кардынальнае адрозненне?

СМ: Так, безумоўна ёсць, і прычым вельмі моцнае.

Гэта вельмі бачна на сумесных вучэннях. Пачынаючы ад дысцыпліны і сканчаючы якасцю баявой падрыхтоўкі. На мой погляд, у Беларусі стан баявой падрыхтоўкі і дысцыпліна значна вышэйшыя. І адносіны паміж вайскоўцамі розняцца. Мы цалкам розныя дзяржавы, і параўноўваць нельга.
Недарма кажуць, што правапераемнікам усяго лепшага з войска Савецкага Саюзу з’яўляецца Беларусь, а астатняга — Расія.

«НН»: Цяпер пра Вашу творчую дзейнасць, з чаго ўсё пачалося?

СМ: Яшчэ ў дзяцінстве скончыў музычную школу, потым іграў на бас­гітары ў школьным ансамблі. Першую сваю песню напісаў пра каханне, калі мне было толькі 14 гадоў.

«НН»: Як Вы прыйшлі да вайсковай песні і разумення таго, што яна павінна быць на беларускай мове?

СМ:

У вучылішчы я з першых дзён быў запявалам. Голас у мяне моцны, як кажуць — «камандны», што вельмі дапамагала і ў камандаванні, і ў спевах.
Калі я быў камандзірам роты, не цураўся і сам запяваць. Ішоў 1992 год, з’явілася новая дзяржава Беларусь. І перада мною паўстала пытанне: калі мы беларусы, дык што мы павінны спяваць у армейскім шэрагу? Задаўся гэтым пытаннем і пачаў шукаць песні. Пайшоў у бібліятэку, каб знайсці творы, якія можна было б спець. Але нічога не знайшоў. Тады вырашыў перакласці нешта на беларускую мову. Перакладчык з мяне, як высветлілася, не вельмі добры, і нічога не атрымалася. Але тэма той песні пакінула ўва мне адбітак. Пасля я стаў пісаць вершы, потым і музыку. Так атрымалася мая першая беларускамоўная страявая песня.

«НН»: І як яе прынялі?

СМ:

Калі на аглядзе я як камандзір роты, ідучы наперадзе шэрага, заспяваў на беларускай мове, а салдаты выканалі прыпеў, дык генерал, які стаяў на трыбуне, ад нечаканасці і захаплення нават плакаў.

НН: А як у войску справы з іншымі формамі ўжывання беларускай мовы?

СМ: Той, хто кажа, што ў нашым войску ёсць нейкая забарона на беларускую мову, не звяртае ўвагі на тое, што, напрыклад, падчас прысягі перад вачыма салдата два тэксты на дзвюх мовах.

І ён сам абірае беларускую мову ці рускую. Ніхто не забараняе прымаць прысягу па-беларуску. Але робяць гэта адзінкі.
Акрамя гэтага, звярніце ўвагу на тыя ўрачыстасці, якія праводзіць Міністэрства абароны. Пачынаючы з парада. Аркестр на якой мове выконвае песню? На беларускай і выконвае.

«НН»: Гэта больш пра ўрачыстыя мерапрыемствы, а што тычыцца ўнутранага раскладу ці тых жа самых каманд, вядома, што яны на беларускай мове не аддаюцца.

СМ: Ёсць слоўнік для вайскоўцаў. Можа быць, там не ўсё дакладна перакладзена і ён не ўсім падабаецца, але ён ёсць. Калі я быў камандзірам роты, усё справаводства вялося па-беларуску, а праз год­другі і ва ўсім батальёне.

«НН»: Ва ўсім была Ваша ініцыятыва?

СМ: Першапачатковая ініцыятыва была мая. І акрамя гэтага — вялікая і цяжкая праца, каб усё перакласці. На маім прыкладзе камбат заахвоціў да гэтай справы і іншых камандзіраў рот. Так што забароны на беларускую мову ў войску не было і няма.

«НН»: На сваім шляху беларускамоўных вайскоўцаў Вы сустракалі?

СМ: Сустракаў, не скажу, што я такі адзін. Уявіце сабе такую карціну: сяджу я ў кабінеце з іншымі вайскоўцамі, размаўляю на рускай мове, тут тэлефануе мне мой вялікі сябар Зміцер Сасноўскі (кіраўнік гурту «Стары Ольса»), і я пачынаю размаўляць з ім на беларускай мове. У прысутных гэта выклікае здзіўленне, але апошнім часам усё часцей адчуваў павагу і падтрымку.

«НН»: Колькі ўласных песень маеце Вы?

СМ: Калі размова пра армейскую песню, то дванаццаць. Хацелася б болей. Але вельмі цяжка пісаць на адну і тую ж тэматыку. А чаму б «Нашай Ніве» не правесці ў газеце конкурс на самы лепшы верш пра армію?

«НН»: Вашы песні ведаюць і спяваюць у розных вайсковых часцях Беларусі. Якім чынам яны папулярызаваліся?

СМ: Спачатку пісалася для роты. Пасля пачалі прасіць з іншых падраздзяленняў, дык я і туды пачаў аддаваць. Пэўна, мае песні краналі. Я не імкнуся пісаць выкшталцона, нешта закручваць, бо гэта песня вайсковая і яна павінна быць зразумелай і простай.

***

Сяргей Макей. Афіцэры

Колькі раз Вам казалі трэба,
Колькі раз наперад ішлі,
А навокал у зорках неба
І абшар нашай роднай зямлі.

Афіцэры — заўжды афіцэры.
Не чакаюць сабе ўзнагарод.
Недарма афіцэрам даверыў
Лёс зямлі беларускай народ.

Мы на Вас спадзяёмся і верым,
Беларусь нашу больш не спаліць.
Афіцэры — таму Афіцэры,
Што за край родны сэрца баліць.

Афіцэры Беларусі
Хто казаў, афiцэры
Толькi робяць кар'еру,
Службу сам не адведаў, не стаяў у страю.
I бясконцыя ночы,
I бяссонныя вочы,
Ўсё аддаць вы гатовы за Радзiму сваю.

Родны кут i бярозы,
Што растуць каля хаты,
Назаўжды ў Вашым сэрцы, як i ты, Беларусь.
I нiкому, нiкому
Не зняважыць пагоны,
Гонар Ваш не заплямiць нi вораг, нi хлус.

Афiцэры, афiцэры,
Мы да болю ў сэрцы верым,
Беларусь нiхто не зможа больш спалiць.
Афiцэры Беларусi,
Хай нiхто Вас не прымусiць
Здрадзiць роднаму народу i зямлi.

Спадары афiцэры,
Цi паны афiцэры,
Як бы хто ні назваў Вас, як бывала не раз,
Назаўжды застанецеся
Разам з нашым народам,
I народ Беларусi будзе помнiць пра Вас.

I пад сцягам Айчыны
Вы прымалi прысягу,
I на Вас, афiцэры, як стагоддзi таму,
Ускладаем надзеi,
Вамi мы ганарымся,
Верым, больш мы не пойдзем
праз боль i суму.

Афiцэры, афiцэры,
Мы да болю ў сэрцы верым,
Беларусь нiхто не зможа больш спалiць.
Афiцэры Беларусi,
Хай нiхто Вас не прымусiць
Здрадзiць роднаму народу i зямлi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?