Брытанскія навукоўцы ўжо ведаюць, як прадугледзіць уплыў акіянаў i дзейнасьці чалавека на пацяпленьне клімату на працягу бліжэйшых 10 год.

Навукоўцы інфармуюць, што, назіраючы за кароткачасовымі анамаліямі надвор’я — такімі, як Эль Ніньё, можна прадбачыць паводзіны клімату на наступныя 10 год. Ранейшыя мэтады дасьледаваньняў засяроджваліся на пацяпленьні клімату ў маштабе стагодзьдзя. Высновы тады рабіліся на падставе назіраньняў за паказчыкам глябальнага пацяпленьня, які абапіраўся на зьменах, што выклікаюцца чалавекам.

Новая мадэль, названая Дзесяцігадовай сыстэмай прагнозу клімату, таксама абапіраецца на гэтых ранейшых мадэлях. Аднак, каб ахапіць дзесяць год, яна дадаткова ўлічвае зьмены ў акіянах і атмасфэры.

Ранейшыя мадэлі дасьледаваньняў дазвалялі вызначыць, што да канца стагодзьдзя сярэдняя тэмпэратура паветра на Зямлі ўзрасьце на 1.8‑4 градусы Цэльсія. DePreSys паказвае, што ў 2014 годзе сярэдняя тэмпэратура будзе на 0.3 градусы Цэльсія вышэйшая, чым у 2004 годзе.

Навукоўцы спадзяюцца, што новая мадэль пры падтрымцы дасьледаваньняў выдзяленьня цяплічных газаў, газаў з выкапнёвых паліваў i вывяржэньня вулканаў дасьць вельмі падрабязную карціну зьменаў клімату.

Д‑р Даг Сьміт з Кліматалягічнага інстытуту Hadley Centre мяркуе, што новыя веды пра клімат спатрэбяцца таксама бізнэсоўцам і палітыкам. «Ігнаруючы веды на тэму цыклічных ваганьняў акіянаў, a разам зь імі і клімату, мы рызыкуем нарабіць шмат памылак у прагнозе на 2015 год. Эканамічныя і сацыяльныя наступствы такіх памылак могуць быць велізарнымі» — падкрэсьлівае навуковец.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?