Канцэртна-выдавецкі лэйбл «Беларуская Музычная Альтэрнатыва» («БМАgroup») рыхтуе дзве тэматычныя складанкі песень — «Песні героям» і «Сімвалы свабоды».

Першы CD будзе прысвечаны канкрэтным людзям і знакавым постацям нашай гісторыі і культуры. Адметнасць складанкі ў тым, што тут будуць сабраныя не творы дадзеных асобаў, а песні-прысвячэнні ім.

Гэта альбом-трыб’ют пра тых, каго павінен ведаць і насіць у сэрцы кожны беларус. Выданне прымеркавана да 150-ых угодкаў ад пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага.

Ужо ёсць прысвячэнні славутым постацям Беларусі — Кастусю Каліноўскаму, Францішку Багушэвічу, Янку Купалу, Уладзіміру Караткевічу, Максіму Багдановічу, Еўфрасінні Полацкай ды іншым. «Няма песні пра твайго ўлюбёнага героя ці асобу, якой захапляешся? Дык напішы пра Ларысу Геніюш, Францішка Аляхновіча, Соф’ю Гальшанскую… Шмат годных людзей прысвяцілі жыццё Беларусі, і нашая агульная задача — іх годна ўшанаваць», — заклікаюць арганізатары.

Другая складанка — пра нацыянальныя сімвалы Беларусі: бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. На адным CD будуць сабраныя творы розных выканаўцаў, якія ў розныя гады звярталіся да гэтай тэмы.

«Далучыцца да стварэння гэтых дыскаў можа кожны ахвотны. Прапаноўвайце песні, дасылайце вашыя ідэі ды заўвагі, музыку і тэксты. Выканаўцы могуць запрапанаваць свае ранейшыя або яшчэ непублікаваныя творы. Вялікая справа робіцца маленькімі крокамі. Кожны, хто дашле цікавыя прапановы, атрымае кампакт-дыск у падарунак», — кажа кіраўнік БМА Віталь Супрановіч.

Прапановы можна дасылаць на e-mail: [email protected].
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?