Абрад адпяваньня ў зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве.

Абрад адпяваньня ў зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве.

Пахавальная працэсія рухаецца па вуліцы Пушкіна.

Пахавальная працэсія рухаецца па вуліцы Пушкіна.

Доўгая дарога на могілкі.

Доўгая дарога на могілкі.

Над могілкамі, над Зэльвай, над Беларуссю…

Над могілкамі, над Зэльвай, над Беларуссю…

Чын адпявання здзяйсняе айцец Васіль Чыкіда.

Чын адпявання здзяйсняе айцец Васіль Чыкіда.

Трыццаць гадоў таму, 7 красавіка 1983 года, пайшла з жыцьця Ларыса Геніюш. Развітанне ў Зэльве з апальнай паэткай, сакратаром Рады БНР, былым вязнем сталінскага Гулагу сталася нечуванай па тым часе дэманстрацыяй беларускай еднасці. Тысячы людзей праводзілі сваю знакамітую суайчынніцу ў апошні шлях.

Госцем перадачы радыё «Свабода» — фотажурналіст Здзіслаў Сіцька, які зафіксаваў для гісторыі пахаванне ў Зэльве.

— Спадар Здзіслаў, у 80-я гады вы жылі ў Баранавічах. «Мае баранавіцкія сябры» — гэткі выраз нярэдка сустракаецца ў лістах Ларысы Геніюш. Вы ўваходзілі ў іх лік. Што вас лучыла з Ларысай Геніюш?

— Я сапраўды магу пахваліцца, што меў гонар бываць у зэльвенскай хаце Геніюшаў, маю аўтографы на кнігах.
Але словы «мае баранавіцкія сябры» — гэта пра іншых маіх землякоў. Кажучы так, Ларыса Антонаўна мела на ўвазе двух Пётраў — Рашэтніка і Саўчука. Абодва Пётры шмат зрабілі для сям’і Геніюшаў, яны былі разам з Янкам Геніюшам у лагеры. Менавіта Пётра Саўчук, баранавіцкі фармацэўт, пазнаёміў мяне ды іншых сваіх сяброў з Ларысай Антонаўнай. Я працаваў тады ў рэдакцыі баранавіцкай газеты «Знамя коммунизма», вучыўся завочна на факультэце журналістыкі ў БДУ і нават быў намерыўся напісаць курсавую работу паводле творчасці Ларысы Геніюш. Я хацеў у сваёй рабоце параўнаць верш «Зубры» Ларысы Антонаўны з паэмай «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Нам было пра што з ёю пагаварыць, бо яе зацікавіла мая задумка. Праўда,
пасля майго другога гасцявання ў Геніюшаў галоўны рэдактар прапанаваў мне пакаяцца і напісаць, пра што мы гаварылі з Ларысай Антонаўнай. Рэдактар хацеў кампрамату, і мне давялося звольніцца.
Пасля я толькі некалькі разоў наведваў гасцінны дом Геніюшаў, прыяжджаў і на пахаванне Янкі Геніюша.

— Давайце вернемся ў тыя красавіцкія дні 1983 года. Вы ад пачатку мелі намер зафатаграфаваць увесь абрад пахавання?

— Калі прыйшла сумная вестка пра смерць Ларысы Антонаўны і быў прызначаны дзень пахавання, я паехаў у Зэльву напярэдадні. Я не мог не паехаць.
Пра наступствы я не думаў. Да таго ж, я спадзяваўся, што напярэдадні ніхто не будзе асабліва сачыць. Я намерваўся аддаць даніну памяці і на само пахаванне ўжо не ехаць. Але ў хаце Ларысы Антонаўны я сустрэў знаёмых менчукоў, якія, на жаль, мелі такія ж намеры.
Але камусьці ж трэба было зафатаграфаваць заўтрашняе пахаванне! Я вярнуўся ў Мінск, узяў фотаапарат і паехаў у Баранавічы, каб быць бліжэй да Зэльвы.
Ехаў туды, на жаль, з прыгодамі і трохі спазніўся. Я добра памятаю той дзень. Было цёпла. У лесе абапал дарогі цвілі пралескі. Але ж які гэта быў чорны дзень!
Калі ў Зэльве я збочыў на вуліцу Савецкую, то ўбачыў каля царквы незлічоную сціжму людзей.
У царкве ўжо заканчвалася адпяванне. Вырашыў, што буду фатаграфаваць здаля, каб не кідацца нікому ў вочы.

— Вы згадалі пахаваньне Янкі Геніюша ў 1979-м.

«Дома сьвечкі даўно пагашаны,
і магілкі пад снегам спяць.
Дык няўжо і мяне, няшчасную,
пад канвоем будуць хаваць,"

— гэта радкі з верша Ларысы Антонаўны. А ці на яе пахаванні былі заўважныя прадстаўнікі спецслужбаў? Падчас фатаграфавання вам ніхто не чыніў перашкодаў?

— Не, ніхто да мяне не падыходзіў. Я фатаграфаваў здаля, каб была бачная вялікая колькасць людзей.

Жалобная працэсія расцягнулася амаль на кіламетр.
Наперадзе ішлі дзеці. За імі мужчыны неслі труну. Неслі, змяняючыся, да самых могілак.
На могілках мужчыны неяк асабліва высока ўзнялі труну па-над зямлёй. А ўдалечыні — Зэльва і навакольныя лясы. А Ларыса Антонаўна — нібы ўжо ў небе…
Я не заўважыў, каб нехта некага спыняў ці папярэджваў. Не памятаю, каб былі там міліцыянты. Праўда, потым мне Уладзімір Арлоў прызнаўся, што мяне спачатку прынялі за чалавека з канторы… Я больш стараўся ўхапіць цікавыя моманты, каб жалобная ўрачыстасць была дакументальна засведчаная. Мне не важныя былі асобныя абліччы, мне важна было паказаць, колькі людзей ішло ў працэсіі.

— Як вы можаце патлумачыць той факт, што ў савецкім мястэчку ў 1983 годзе на пахаванне несавецкай грамадзянкі сабралася столькі людзей?

— Тлумачэнне тут адно — і ў савецкім мястэчку жылі людзі. А людзі ў любым выпадку паводзяць сябе па-людску. У нас ад дзядоў-прадзедаў вядзецца такі звычай — у лепшы свет правесці крэўнага сваяка ці аднавяскоўца.

Сям’ю Геніюшаў у Зэльве вельмі паважалі.
Шмат хто з зэльвенцаў быў удзячны Янку Геніюшу, бо ён быў вельмі добрым лекарам. І Ларысу Антонаўну паважалі, ганарыліся, што ў Зэльве жыве такая паэтка. А чаго ім было баяцца? Яны ж праводзілі сваю зямлячку.

На пахаванні Ларысы Геніюш прысутнічаў і прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, які з намі на тэлефоннай сувязі. Спадар Аляксей, па вашых прыкідках, колькі людзей было на разьвітанні?

Аляксей Пяткевіч: Я думаю — тысячы, бо працэсія цягнулася з Зэльвы да самых могілак, а гэта даволі далёка. Людская плынь была густая, шырокая. Я помню, як аглядаўся ўвесь час, і мяне ўжо тады здзіўляла, што столькі людзей выйшла — практычна ўся Зэльва. Чым можна вытлумачыць такую масавасць? Я не сумняюся, што прычына ў тым, што Ларыса Геніюш была апальнай беларускай паэткай. Людзі добра ведалі, што яна — persona non grata ў сябе на радзіме.

Людзі не маглі выказаць да яе сваіх пачуццяў, сваіх адносінаў, хоць яна жыла побач з імі. А вось правесці ў апошні шлях чалавека, якога шануеш, — гэта іншая справа. І людзі зрабілі гэта — уся Зэльва выйшла. Гэта была праява здаровага народнага духу.

— Паэтку адпяваў і ў царкве, і на могілках айцец Васіль Чыкіда, які сябраваў з Ларысай Антонаўнай. Я потым прасачыў яго жыццё — ён служыў у Мікашэвічах, затым у Тураве, дзе і пахаваны. Спадар Здзіслаў, ці прысутнічалі вы падчас абраду і што можаце сказаць пра яго?

— Айцец Васіль быў незвычайным чалавекам. Ён ня толькі быў духоўнікам Ларысы Антонаўны, але і шчыра апекаваўся сваёй парафіянкай.
На могілках айцец Васіль годна і шчыра правёў абрад. Быў там і гурт пеўчых. Пахаванне прайшло вельмі ўрачыста, калі так можна сказаць пра гэткую жалобную цырымонію. Добра, што вы, Міхась, апублікавалі ў альманаху «Асоба і час» фотаздымак той хвіліны, калі айцец Васіль акрапляе нябожчыцу.

Ларысу Геніюш як паэтку ведаюць не толькі ў Беларусі. Толькі летась у Варшаве выйшла яе «Споведзь» у перакладзе Чэслава Сэнюха. У Маскве публікаваліся яе вершы ў перакладах Любові Турбіной, а ва Украіне — у перакладах Аксаны Шалак. У нас на сувязі Кіеў. Аксана, скажыце, чым вас прывабіла паэзія Ларысы Геніюш? Вось жа на інтэрнэт-форумах часам можна прачытаць, што яе паэзія старамодная, не сучасная…

Аксана Шалак: Справа не ў тым, старамодная паэзія ці сучасная. Як казаў Гарсія Лорка, «для мяне неістотна, якім я здаюся, сучасным ці архаічным, важна заставацца самім сабою». Для мяне Ларыса Геніюш і яе паэзія — гэта вернасць сваім прынцыпам і сабе. Гэта еднасць паэтычнага слова і паэтычнай долі. Часта так бывае, што паэзія з’яўляецца ідэальнай выявай чысціні паэта, а ўсё іншае застаецца па-за словам. Жыццё не супадае са словам. Дык вось, Ларысы Геніюш для мяне — гэта еднасць паэта і яго слова. Гэта відавочна светлае слова, якое дае жыццё.

Я памятаю, што вязні ў Гулагу называлі паэзію Ларысы Антонаўны глюкозай, ведалі яе напамяць, як малітвы.
Мне блізкая яе вобразнасць, яе колеравая палітра. «Уставала сонца, як хвост паўлінні…» — адным радком выказана ўся глыбіня пачуцця. Неяк у інтэрв’ю аднаго вядомага ўкраінскага дысідэнта я прачытала, што калі ён, ужо пасля сьмерці Сталіна, адбываў пакаранне ў лагеры, то не сустрэў там ніводнага беларуса. Маўляў, беларусы не супраціўляліся таталітарнай сыстэме. Мяне гэта моцна зачапіла, і тады я вырашыла перакладаць паэзію Ларысы Геніюш.

— Спадар Здзіслаў, сённяшняя беларуская ўлада выступае супраць рэабілітацыі Ларысы Геніюш, пра што неаднаразова хадайнічалі перад Вярхоўным судом некалькі грамадскіх арганізацый. Як вы можаце пракаментаваць гэтае ўпартае нежаданне ўлады юрыдычна рэабілітаваць Геніюш?

— Думаю, што такія звароты трапляюць найперш да простых сталаначальнікаў. І

той службовец, якому трапляе на стол нейкі важны дакумент, не хоча браць на сябе адказнасць. Яго прынцып — не рабі сабе лішняга клопату.
Калі раней адмовілі, то адмоўлю і я. Тым больш, ніхто мне пасля гэтага заўвагі не зробіць. А яшчэ, думаю, на адмоўнае рашэнне паўплываў той факт, што Ларыса Геніюш не захацела прыняць савецкае грамадзянства. Як яе ні агітавалі. Але галоўнае на сёння тое, што кнігі Ларысы Антонаўны друкуюцца, што іх чытаюць беларусы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?