Супрацоўнікі мінскай міліцыі выявілі падпольную каўбасную вытворчасць.

Папрацаваўшы нейкі час тэхнолагам па вытворчасці каўбаснай прадукцыі жыхарка Мінскага раёна вырашыла заняцца ўласнай справай і арганізавала падпольны каўбасны цэх на сваім падворку. Пры гэтым дазвол на гэта не атрымлівала. Купіўшы электрамясарубку, вагі і абсталяваўшы адно з падсобных памяшканняў свайго домаўладання для сушкі, яна пачала выраб.

Сыравіна набывалася на адным са сталічных рынкаў, там жа быў наладжаны і збыт гатовай прадукцыі. Прычым з ростам аб'ёмаў вытворчасці павялічвалася і сетка рознічнага гандлю.
Аператыўнікі ўстанавілі, што самаробная каўбаса прадавалася як мінімум на пяці гандлёвых кропках. Асартымент складаўся з двух відаў — "хатняя са свініны" і "хатняя курыная".

Як устанавілі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама, падпольны цэх працаваў на працягу двух гадоў. Пры гэтым вытворчасць ажыццяўлялася з сур'ёзнымі парушэннямі тэхналагічнага працэсу, таксама выяўлены грубыя парушэнні гігіенічных і санітарных норм.

Як стала вядома, на якасць прадукцыі непасрэдна ў месцы яе рэалізацыі неаднаразова скардзіліся пакупнікі, аднак усе прэтэнзіі гандляры стараліся зняць на месцы.

У выніку правядзення комплексу аператыўна-праверачных мерапрыемстваў аператыўнікі з'явіліся на вытворчасць адразу ж пасля вырабу чарговай партыі фальсіфікаванай прадукцыі. Каўбаса агульнай вагой 470 кг была канфіскаваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?