У нядзелю, 12 жніўня, Першы нацыянальны канал у перадачы «Панарама тыдня» адзначыўся новым выкрывальніцкім фільмам — «Сеціўная вайна». Аўтар рэпартажу, Юры Пракопаў, распавядае пра тое, што адразу пасьля правалу «менскага майдану» ў 2006 годзе «пад дахам Дзярждэпартамэнту ЗША і спэцслужбаў» пачалі выпрацоўваць новыя мэтады барацьбы зь беларускай уладай. Гэты этап барацьбы атрымаў назву «Сеціўная вайна». Яна ўжо апрацоўвалася ў Іраку, Аўганістане, Грузіі, Украіне, цяпер чарга за Беларусьсю.

У гэтую вайну ўключаныя дзясяткі недзяржаўных арганізацый, розныя рухі, фонды, праваабаронцы, СМІ, моладзевыя, жаночыя, рэлігійныя, прафсаюзныя арганізацыі. Усе разам яны ўтвараюць агульную сетку, якая пакрывае краіну. За мэту яны маюць «сацыяльныя выбухі з мноствам ачагоў узгараньня». Гэта і мусіць прывесьці да рэвалюцыйнай сытуацыі ў Беларусі.

Палітычны аналітык Вадзім Гігін у рэпартажы кажа: «На сёньняшні дзень няма такіх тэхналёгіяў, якія былі апрацаваныя амэрыканцамі ў іншых краінах сьвету, якія б не былі прымененыя ў Беларусі. Адзінае, што не было, дзякуй богу, адкрытага вайсковага канфлікту».

Пракопаў кажа, што сеціўная вайна супраць Беларусі вядзецца пры падтрымцы суседніх дзяржаў. У гэты час у кадрах пачынаюць зьяўляцца сьцяг Польшчы і герб Літвы. «Дзясяткі фондаў укладваюць у сеціўную вайну мільёны даляраў», — рэзюмуе БТ.

Аднак Беларусь ня ёсьць канчатковай мэтай для амэрыканцаў, іх погляды накіраваныя на Ўсход, на Расею. Менавіта ў рамках «сеціўнай вайны» ў Расеі прайшлі нядаўнія «Маршы нязгодных».

Разам з тым, БТ не назвала мэтадаў супрацьстаяньня «сеціўнай вайне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?