У Расеі хуткі пасажырскі цягнік Масква‑Пецярбург пацярпеў аварыю ў панядзелак вечарам у Наўгародзкай вобласьці. Паводле апошніх зьвестак, пацярпелі 60 чалавек, больш за 30 былі шпіталізаваныя, ахвяр няма.
Паводле зьвестак «Расейскіх чыгунак», на цягнік «Неўскі экпрэс» быў прададзены 231 квіток. Брыгада цягніка складалася з 20 чалавек.
У прэсавым рэлізе кампаніі гаворыцца, што за мэдычнай дапамогай зьвярнуліся 60 чалавек, 25 чалавек былі адпраўленыя ў больніцу гораду Малыя Вішэры Наўгародзкай вобласьці. Яшчэ восем пацярпелых, у тымі ліку 21‑гадовую дзяўчынку і грамадзяніна Італіі, мэдыкі шпіталізавалі пасьля іх прыбыцьця на дызэльным цягніку на Маскоўскі вакзал Пецярбургу. Два чалавекі знаходзяцца ў крытычным стане.
Паводле зьвестак «РЧ», у выніку аварыі з рэек сышлі электравоз і 12 вагонаў. Пасажыры цягніка былі дастаўленыя на дызэль‑цягніку ў Пецярбург.
Пасьля аварыі рух цягнікоў па гэтай галіне быў паралізаваны. У заторы стаяць дзесяць начных цягнікоў, пазьнейшыя цягнікі ідуць вакольнымі галінамі з затрымкай ад чатырох да васьмі і больш гадзін.
Празь некалькі гадзін пасьля аварыі прэсавая служба «РЧ» распаўсюдзіла прэс‑рэліз, у якім гаварылася, што аварыя «адбылася ў выніку незаконнага ўмяшальніцтва ў дзейнасьць чыгуначнага транспарту».
Машыніст цягніка й пасажыры кажуць, што чулі, як нештра грымнула перад тым, як адбылася аварыя.
А праваднікі заяўляюць, што чулі, як грымнула двойчы.
Працоўныя, якія рамантуюць каляіны на месцы аварыі, кажуць, што там знойдзеная варонка.
«РЧ» у сувязі з аварыяй адкрыла тэлефонную «гарачую лінію» ў Маскве і Пецярбургу.
«Паводле папярэдніх высноў спэцыялістаў па выбухах, якія працуюць на месцы здарэньня, на чыгуначным палатне адбыўся выбух бомбы магутнасьцю да двух кіляграмаў у трацілавым эквіваленце», — сказаў суразмоўца агенцтва.





