14 жніўня ў Магілёве трое актывістаў польскіх няўрадавых арганізацыяў больш за тры гадзіны прабылі ў абложаным міліцыянтамі прыватным доме. Яны прыехалі ў Магілёў на сустрэчу зь беларускімі калегамі — абмеркаваць супрацоўніцтва ў галіне навучаньня і работы са сродкамі масавай інфармацыі.

Разам з польскімі гасьцямі аблогу трымалі яшчэ каля пятнаццаці чалавек. Трое зь іх — актывісты моладзевай арганізацыі «Трэці шлях» зь Менску.

6 міліцыянтаў, трое зь якіх былі ў цывільным, уварваліся на падворак прыватнага дому, калі праца ўжо распачалася. Гаспадары пасьпелі зачыніць дзьверы і заставаліся ў доме больш за тры гадзіны.

Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў, уладальнік дому, выклікаў міліцэйскі нарад. З прыбыцьцём узброенага нараду міліцыянты суцішыліся.

У выніку перамоў палякі пагадзіліся вярнуцца разам зь міліцыянтамі ў гатэль, дзе пакінулі свае дакумэнты. Пасьля праверкі пашпартоў грамадзянам Польшчы дазволілі доўжыць побыт у Магілёве.

Спраўджаньне пашпартоў нямецкіх гасьцей зацягнулася амаль на гадзіну. Міліцыянты дамагаліся атрымаць ад немцаў запрашэньні, бо, паводле візаў, тыя знаходзяцца ў Магілёве ў дзелавой камандзіроўцы. Пасьля дакладнага разбору немцаў таксама адпусьцілі.

Спраўджаньне дакумэнтаў адбывалася ў фае гатэлю «Магілёў». Міліцыянты адмовіліся камэнтаваць свае дзеяньні.

Уражаньні пра аблогу і стасункі з прадстаўнікамі органаў аховы правапарадку выказаў «Свабодзе» адзін з польскіх моладзевых актывістаў:

«Гэта была першая сытуацыя, калі я сустрэўся зь сілавымі органамі Беларусі. І гэта было ня вельмі прыемна. Я ня мог ім давяраць: мне падалося, яны шукаюць спосаб, каб сказаць, што мы зрабілі штосьці дрэннае. Я размаўляў з супрацоўнікам, здаецца, КГБ (гэта былі людзі ў цывільным). Яны трымаліся па‑хамску, зусім ня мелі пашаны да права. Таму даводзілася быць дужа асьцярожным».

Нягледзячы на перашкоды з боку міліцыі сустрэча будзе доўжыцца, — запэўніваюць арганізатары. Гаворыць адзін зь іх, Аляксандар Апекін:

«Сёньняшні дзень нашай сустрэчы сарваны. Але мы лічым, што мусім працягваць. Наша праграма будзе ісьці далей — як заплянавана».

Арганізатары сустрэчы зьвярнуліся да журналістаў з просьбай не называць прозьвішчаў гасьцей — каб у іх засталася магчымасьць наведаць Беларусь яшчэ раз і працаваць адпаведна з праграмай.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0