Літоўская дзяўчына на фэсце ў Навагрудку.

Літоўская дзяўчына на фэсце ў Навагрудку.

Узяцца за гэты тэкст мяне падштурхнула пачуццё непаразумення, якое часам узнікала пасля публікацыі маіх тэкстаў. Так, артыкул «Літоўская мова ў Вялікім Княстве» быў успрыняты часткай чытацкай аўдыторыі як прасоўванне сучаснага літоўскага гістарычнага міфа.
Хоць пры менш эмацыйным прачытанні ў гэтым тэксце можна было знайсці і спачувальнае да літоўцаў стаўленне — на літоўскай мове канцылярыя ВКЛ так і не выдала ніводнага дакумента, — але таксама і пачуццё павагі за тое, што гэты народ змог пранесці сваю архаічную мову праз стагоддзі ды зрабіць яе сучасным сродкам камунікацыі і творчага мыслення.

Ах, так, зусім забыўся — назва, вось што яшчэ можа так моцна раздражняць беларускіх чытачоў. Альбо па¬іншаму — каму належыць старажытная Літва? Тут, магчыма, я сапраўды крыху вінаваты. Вінаваты ў тым, што не патлумачыў выразна сваёй пазіцыі на этнічнасць у данацыянальную эпоху. А сучасныя канцэпцыі этнічнасці дазваляюць пазбавіцца ад мазахісцкага пошуку сапраўдных продкаў.

Хто ж, напрыклад, насяляў Наваградак у ХІІІ ст.? З пункта гле­джання актуальнай сучаснасці, там жылі, безумоўна, продкі беларусаў. Але як вызначыць тое насельніцтва з пункта гледжання ХІІІ ст.
— гэты рэгіён Беларусі апынуўся на сутыку каланізацыйных хваляў дрыгавічоў, крывічоў і валынянаў, у самім горадзе яўна заўважаная сталая прысутнасць мазаўшанаў. А як жа з «літвой»? Пішу тут гэты тэрмін з малой літары і ў тым сэнсе, у якім ён ужываўся ў даўніх летапісах — як пазначэнне пэўнага этнасацыяльнага феномену.
«Літва» ў рэшце рэшт, пасля дзесяцігоддзяў выплаты даніны «Русі», узяла пад кантроль Наваградак. Гэты акт быў пачаткам гісторыі той дзяржавы, якую мы ведаем як Вялікае Княства Літоўскае. Тая Літва займала добрую частку Панямоння і ўсю Віленшчыну,
і ў далейшым з гэтай тэрыторыі сыходзілі многія культурныя імпульсы, што вялі да фармавання адметнасці краю, які сталі цалкам пазначаць як Беларусь толькі ў ХІХ ст.

Дык «літва» тут — знешняя, старонняя сіла ці фактар унутраных этнічных, культурных і палітычных працэсаў? Падобнае пытанне будзе дзіўным з еўрапейскай перспектывы. Не кажу пра гісторыкаў, але французскі школьнік не зразумее праблемы, бо ведае, што французскі этнас сфармаваўся ў выніку шматлікіх «мутацый» — спачатку, дзякуючы раманізацыі (лацінізацыі) мясцовых галаў, узнікла старафранцузская мова, потым, са з’яўленнем новай палітычнай эліты — германскага племя франкаў, — уласна і ўзнік старафранцузскі этнас, а таксама і назва краіны — Францыя.

Брытанская этнічная і моўная гісторыя выглядае яшчэ больш заблытанай.
Кельцкая спадчына пакінула не так багата бачных слядоў, хоць кельцкія плямёны брытаў, якія далі назву краіне, упарта супраціўляліся пранікненню з Ютландыі (Паўднёвай Даніі) і Паўночнай Германіі англаў і саксаў. Заваяванне Брытаніі германскімі плямёнамі англа­саксаў цягнулася звыш 180 гадоў і скончылася на пачатку V ст. Мяркуецца, што колькасць брытаў да пачатку заваявання складала каля 2 млн, а колькасць англа­саксаў — не больш за 200 тыс.
Уварванні вікінгаў (данаў) дадалі ў будучы англійскі этнас новую генетыку і некаторыя прававыя нормы.

Ужо знаёмы нам моўна-этнічны ландшафт Англіі сфармаваўся пасля заваёвы нарманамі ў 1066 г. Былыя вікінгі, якія напалі на Брытанію з Францыі, прыўнеслі ў Англію французскую мову, бо на ёй ужо размаўлялі. Праз доўгі час нармана­французская заставалася ў Англіі моваю царквы, адміністрацыі і вышэйшых станаў. Але паступова сярэднія і дробныя землеўласнікі з англа­саксаў набывалі ўсё большую вагу, у тым ліку праз дэмаграфічную перавагу. Замест панавання нармана­французскай мовы паступова складаўся «моўны кампраміс», нараджаўся лінгвістычны феномен, які мы сёння называем англійскай моваю. 60% яе слоўнікавага фонду складаюць французскія словы, хоць па частотнасці ўжывання германская лексіка англа­саксонскіх продкаў англічанаў пераважае.

Я не вялікі прыхільнік вытлумачэння гісторыі праз метад аналогій. Але збочыў на гэты шлях, каб паказаць, што беларускі прыклад этнічнай гісторыі мала што не ўнікальны, але і не з’яўляецца самым складаным. Праблема — у прачытанні гэтага гістарычнага досведу і яго інтэрпрэтацыі.

Пакуль у Беларусі сярод гуманітарыяў пануе прымардыялізм. Гэтая канцэпцыя разглядае этнас як першапачатковае і нязменнае аб’яднанне людзей «па крыві», сцвярджае, што ў таго ці іншага народа захоўваюцца стабільныя характарыстыкі этнічнасці.
Найчасцей такім этнічным ядром у нашай гісторыі акрэсліваецца «Русь» — з усім яе комплексам рэлігійна­культурных прыкметаў. І гэтая «русінская» традыцыя, сапраўды, вельмі глыбокая ў культурнай гісторыі Беларусі. Але часта забываюць, што і сама «рускасць» была выбудаваная на абшарах Усходняй Еўропы скандынаўскай элітай з дапамогай імпартаваных з Візантыі і Балканаў культурных комплексаў. Вядома, у ХIV—XVI стст. гэта была ўжо ўкаранёная на нашых землях традыцыя, якая істотна рознілася ад маскоўскай, але лучыла беларускія землі з Украінай.
Вяртаемся да праблемы — што рабіць з «Літвой», ладны кавалак якой знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Але больш важнае тое, што менавіта з Літвой звязаная цэлая плойма культурных імпульсаў і трансфармацый, што паўплывалі на Русь і спрычыніліся да фармавання самой Беларусі.

У супрацьвагу маім выкладкам можна сказаць, што, у адрозненне ад французскіх і брытанскіх мадэляў фармавання этнасу, на спадчыну Літвы маецца і іншы прэтэндэнт — сучасная Літоўская Рэспубліка. Што ж, і гэты прыклад не ўнікальны. Франкская імперыя Карла Вялікага падзялілася, даўшы пачатак тром сучасным нацыям­-дзяржавам — Францыі, Германіі і Італіі. Саксонія ж, з тэрыторыі якой саксы перасяляліся ў Брытанію, доўгі час існавала ў Еўропе як суверэнная дзяржава ў рамках Святой Рымскай імперыі нямецкай нацыі.

Але, праўда, ёсць адзін сапраўды сур’ёзны контраргумент да нашых развагаў пра «Літву» і «Русь».
Культурныя дыфузіі «Літвы» і «Русі» адбываліся пазней, чым падобныя французскія ці брытанскія: у познім Сярэднявеччы. А вынікі гэтых працэсаў ужо ў раннім Новым часе (XVI—XVIII стст.) успрымаюцца як зусім актуальныя — і сёння на старонках беларускіх выданняў не сціхаюць спрэчкі пра дзяржаўныя і рэлігійныя уніі, пра рэлігійныя канверсіі эліт, пра паўставанне і лёс нацыянальных моў... Ды і пісьмовых сведчанняў, у тым ліку і палемічных, гэтыя з’явы эпохі кнігадрукавання пакінулі значна больш. Меншы прамежак часу і пазасталы прысмак палемікі актуалізуюць у свядомасці падзеі чатырохсотгадовай даўніны і ствараюць урадлівую глебу для спекуляцый на гістарычныя тэмы. Увогуле, гэта інструментальнасць гістарычнай веды ёсць адметнасцю гістарычнай свядомасці нашага рэгіёна Еўропы.
Падобныя супярэчнасці этнічнага цела выдатна разумелі аўтары праекта беларускай нацыі ХІХ — пачатку ХХ стст. Зрэшты, яны не проста разумелі праблемы складання гэтай мазаікі.
Пэўная падзеленасць — канфесійная, шрыфтавая (паміж лацінкай і кірыліцай), палітычная — была іх штодзённай культурнай практыкай. Злучыўшы «Літву» і «Русь», прызнаўшы, што гэта і ёсць нашая нацыянальная гісторыя, пратаганісты Беларусі палітычную праблему пераўтварылі ў культурны патэнцыял. І гэтая дзейнасць «стваральнікаў» (пачынальнікаў) Беларусі кладзецца ў рэчышча канструктывізму — сучаснага разумення тэорыі этнасаў, процілеглага прымардыялізму. Паводле канструктывістаў, этнас не ёсць першапачатковай дадзенасцю. Этнічнасць «канструюецца» самімі людзьмі ў працэсе іх творчай сацыяльнай дзейнасці — пастаянна пацвярджаецца ці пераглядаецца, перабудоўваецца.
Можна пэўна сцвярджаць адно палажэнне — сам факт гарачых дыскусій на тэму «Літвы» і «Русі» сведчыць, што беларуская гісторыя позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу можа быць зразуметая толькі як узаемадзеянне гэтых двух фактараў. Прыбяры адзін з іх — і беларуская гісторыя будзе зусім іншай. Фактычна, яна рассыплецца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?