Закранаючы пытанне аб акцызных марках, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі трэба было б разабрацца ўраду. «Але для мяне важна тое, што гэта вялікія грошы. Гэта мільярды, дзесяткі мільярдаў рублёў, якія пайшлі непасрэдна ў бюджэт», — адзначыў ён.
Паводле слоў прэзідэнта, акцызныя маркі — гэта толькі прычына. «Я хацеў бы абмеркаваць гэту праблему больш шырока, каб больш да яе не вяртацца, а таксама праблему паліграфічнай вытворчасці ў цэлым у краіне, каб выпрацаваць канкрэтныя, эфектыўныя падыходы да вырашэння задач», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб вытворчасці і рэалізацыі акцызных марак на тытунёвыя вырабы, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «ў гэтым пытанні патрэбна яснасць». Цана такой акцызнай маркі за кароткі перыяд часу вырасла ў 10 разоў (з Br4 да Br40), што прывяло да некаторага росту цэн на тытунёвыя вырабы і, зразумела, можа выклікаць пэўную незадаволенасць пакупнікоў.
Таму, сказаў Аляксандр Лукашэнка, узнікаюць пытанні: наколькі абгрунтавана і мэтазгодна дзесяціразовае павелічэнне кошту акцызнай маркі, як гэта паўплывае на эканоміку нашых тытунёвых прадпрыемстваў, як павялічацца або зменшацца паступленні ў бюджэт краіны.
Асаблівую ўвагу прэзідэнт удзяліў пытанню манапалізму ў сферы вытворчасці і рэалізацыі акцызных марак. Ён адзначыў, што гэта назіраецца з боку Міністэрства фінансаў, калі само ведамства з’яўляецца заказчыкам, вытворцам і кантралёрам той прадукцыі, якую вырабляе. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, больш пільнай увагі патрабуе і сама вытворчасць акцызных марак, калі выкарыстоўваюцца галаграмы, забяспечваецца высокі ўзровень абароны. «Дарэчы, у нас акцызная марка абаронена лепш, чым грошы ў некаторых краінах», — падкрэсліў прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў: «А ці патрэбны нам такія звышабароненыя маркі? Адназначна — патрэбны, але гэта ж цана».
Закранаючы пытанне прыцягнення дзяржаўных структур да вытворчасці гэтых марак, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтай сферы працуе вельмі шмат такіх прадпрыемстваў, якія існуюць за кошт бюджэтных сродкаў. Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць больш дэталёвага абмеркавання пытанняў дзейнасці выдавецка‑паліграфічных прадпрыемстваў, асабліва ў плане дзяржзаказу. «Я маю на ўвазе падручнікі, часопісы, ведамасныя часопісы, нарматыўна‑прававыя акты. Мы дамовіліся, што будзем такую прадукцыю вырабляць у дзяржаўных друкарнях», — сказаў прэзідэнт. Але пакуль Нацыяльны банк, Міністэрства па падатках і зборах друкуюць свае нарматыўна‑прававыя акты ў прыватных друкарнях.
Звяртаючыся да кіраўніцтва Камітэта дзяржаўнага кантролю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да гэтага пытання неабходна будзе вярнуцца яшчэ раз.





