Інцыдэнт адбыўся ў Івянцы (Валожынскі раён Мінскай вобласці) 21 студзеня. На наступным тыдні крымінальная справа будзе перададзена пракурору. Пацярпелы — мясцовы жыхар, 1954 года нараджэння — з'яўляецца інвалідам дзяцінства ў выніку перанесенага ім менінгіту.

Пра гэта расказаў следчы Валожынскага раённага аддзела Следчага камітэта Сяргей Лапцік.

У гэты дзень мужчына ішоў па вуліцы. Там жа гулялі пяцёра школьнікаў. «Дзеля жарту яны пачалі кідаць у яго снежкі», — растлумачыў следчы.

Злёгку падыграўшы хлопцам, мужчына пайшоў дадому. Але для падлеткаў на гэтым весялуха не скончылася.
Яны пайшлі за інвалідам, зайшлі ў яго дом. Закідалі яго жыллё снежкамі, частку рэчаў вынеслі на вуліцу, потым самы старэйшы падлетак ударыў мужчыну швабрай. Паздзекаваўшыся, школьнікі разышліся.

Праз некалькі дзён да пацярпелага прыехала сястра. Яна ж з'яўляецца яго апекуном. Жанчына ўбачыла на твары брата раны і звярнулася ў міліцыю. Тое, што падлеткі былі ў доме пацярпелага, пацвердзіла суседка.

Па словах Сяргея Лапціка, чатыром падлеткам на той момант было па 13 гадоў. Усе пяцёра вучацца ў мясцовай школе.

26 лютага заведзена крымінальная справа па артыкуле 339 «Хуліганства». На наступным тыдні крымінальная справа будзе перададзена пракурору.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?