Прычынай для судовага працэсу стаў артыкул «Сям’я» робіць бізнэс. Пад надзейным дахам дзяржавы», зьмешчаны на сайце www.ucpb.org і нібыта наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі таварыства і асабіста Андрэю Козіку, сыну старшыні ФПБ. «Аргументъ» настойвае на тым, каб гэтая інфармацыя абвергнутая на вышэйузгаданым сайце і ў штотыднёвіку «Белорусы и рынок».
Сёньня ў Гаспадарчы суд не зьявіліся прадстаўнікі пазоўшчыка, але яны скіравалі судзьдзі Нэлі Арлоўскай афіцыйнае хадатайніцтва. Яны настойваюць, каб у суд у якасьці сьведкі зьявіўся лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Рэч у тым, што ў 2005 г. Анатоль Лябедзька ў інтэрвію кампаніі БелаПАН казаў пра тое, што сайт АГП наведвае пэўная колькасьць чалавек. Таксама пазоўшчык лічыць, што на судзе мусіць прысутнічаць спэцыяліст у сфэры тэлекамунікацый, каб была забясьпечаная незалежная экспэртыза. У суд прадстаўнікі «Аргумента» не зьявіліся, бо знаходзяцца ў камандзіроўцы і просяць перанесьці суд на 28 жніўня. Судзьдзя палічыла, што прычына адсутнасьці няўважлівая.
АГП прадстаўляў юрыст Сяргей Альфер, які адзначыў, што ня супраць, каб справа разглядалася ў адсутнасьці пазоўшчыка, але судзьдзя адхіліла гэтую прапанову.
Нэлі Арлоўская запыталася ў Альфера, хто ў Беларусі займаецца рэгістрацыяй даменных адрасоў ў інтэрнэце, а таксама, хто робіць ліцэнзаваньне сайтаў. Альфер адзначыў, што раней рэгістрацыяй займалася толькі прадпрыемства «Адкрыты кантакт», але цяпер зьявіліся і іншыя арганізацыя, што займаюцца гэтым.
Судзьдзя папрасіла Альфера падрыхтаваць да чацьвярга канкрэтныя зьвесткі па гэтым пытаньні дзеля далейшага запыту ў Міністэрства інфармацыі.
Таксама Альфер сказаў, што экспэртам у судзе згадзіўся быць заснавальнік найбуйнейшага беларускага інтэрнэт‑парталу tut.by Юры Зісер, аднак на гэта судзьдзя нічога не сказала.
Працяг судовага працэсу заўтра а 9:40, аднак Сяргей Альфер мяркуе, што суд задаволіць хадатайніцтва істца і перанясе разгляд на канец жніўня.





