Учора Аляксандр Лукашэнка з фармулёўкай «за правалы ў кіраванні энергетычнай галіной» звольніў міністра энергетыкі Аляксандра Азярца. «НН» узгадала некалькі момантаў з жыцця адстаўнога чыноўніка.

Не першы раз зрабілі ахвярным казлом

Летам 2011 года віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка зрабіў Аляксандра Азярца крайнім у энергетычным канфлікце з Расіяй. Тады Беларусь была вінная РАО ЕЭС 1,2 мільярда расійскіх рублёў. Расія ў ноч 29 чэрвеня нават спыніла пастаўкі электраэнэргіі.

«Праблемы з аплатай ўзніклі з-за непаваротлівасці міністра энергетыкі, грошы былі. Азярэц будзе прыцягнуты да адказнасці, прэм’ер такое рашэнне прыняў», — сказаў тады Сямашка, не патлумачыўшы, як менавіта будзе пакараны міністр, які праштрафіўся.

Аляксандр Азярэц быў міністрам энергетыкі ад 2006 года. Да гэтага ён узначальваў «Віцебскэнерга». Кажуць, што вельмі не хацеў перабірацца ў Мінск. На пярэдні план Азярэц звычайна выходзіў падчас складаных перамоваў з Масквой аб энерганосьбіты, а таксама абвяшчаючы чарговае падвышэнне цэнаў на электараэнергію. Таксама Азярэц быў сярод тых чыноўнікаў, хто курыраваў праект стварэння Астравецкай АЭС.

Сваякі

Аляксандр Азярэц — не адзін прадстаўнік свайго роду, які звязаў свой лёс з энергетыкай. У сям’і Азярцоў было трое сыноў. Аляксандр — самы старэйшы. Вячаслаў — малодшы (16 гадоў розніцы). Вячаслаў узначальвае філію «Магілёўэнэрга» «Бабруйскія электрычныя сеткі». У 2010 Вячаслаў стаў дэпутатам Бабруйскага гарсавета. Дарэчы, з усіх кандыдатаў на ўсіх акругах у горадзе ён меў найбольшы заробак. Паходзяць браты з вёскі Гарбацэвічы Бабруйскага раёна.

Сын экс-міністра Азярца — таксама Аляксандр — з’яўляецца першым намеснікам генеральнага дырэктара УП «Віцебскаблгаза».

Футбол і дзюдо

Аляксандр Азярэц уваходзіць у выканкам Беларускай федэрацыі футбола. Калі яшчэ працаваў у Віцебску, то быў ініцыятарам стварэння міні-футбольнай каманды «Вітэн», якая станавілася чэмпіёнам краіны. Нават узначальваў Раду дырэктароў віцебскага «Лакаматыва».

А вось ужо ў Мінску Азярэц узяўся загадваць любімым відам спорту Уладзіміра Пуціна — дзюдо. На апошняй Алімпіядзе беларускія дзюдаісты не ўзялі ніводнага медаля. Таму Азярэц быў адпраўлены ў адстаўку з старшыні федэрацыі. Рэдкі выпадак, калі чыноўнік страчвае спартовую нагрузку.

Абяцаў $1000

Аляксандр Азярэц у сакавіку 2011 года, памятаеце самы пачатак валютнага крызісу, смела казаў, што ў 2015 годзе сярэдні заробак у Беларусі складзе тысячу даляраў.

Гэта не адзіны прагноз сп. Азярца. Ён абяцаў, што ў 2015 годзе Беларусь знізіць спажыванне газу больш чым у два разы. Як альтэрнатыву ён называў мясцовыя віды паліва (торф), а таксама вугаль. Хутка ўжо 2015, але да выканання абодвух абяцанняў Азярца яшчэ вельмі далёка.

Летась Аляксандр Азярэц выказаўся, што больш за 70% грамадзян выступае за паступовае павышэнне тарыфаў на электраэнергію. Цікава, што перад гэтым на сайце Мінэнэрга прайшло апытанне, дык 93% былі супраць.

Наступнік

Найчасцей называюць прозвішча старшыні «Белнафтахіма» Ігара Жыліна. Яму, праўда, ужо больш за 70 гадоў, але таму ж Пракаповічу — гэта зусім не перашкода.

Жылін у Беларусі наёмнік. Усё жыццё ён адпрацаваў у Расіі, а ў 2009 Лукашэнка запрасіў Жыліна ўзначаліць «Гродна-Азот». Праца настолькі спадабалася, што Жылін атрымаў павышэнне.

Замест анекдота

Аднойчы Аляксандр Азярэц разам з тагачасным кіраўніком Акадэміі навук Міхаілам Мясніковічам давалі прэс-канферэнцыю, як у зале пагасла святло. Нехта з журналістаў тады выгукнуў: «Даэканоміліся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?