Да гэтага толькі вернікі маліліся за вяртаньне храму, а сьвятары не наважваліся прыйсьці да храму.
А 18-й гадзіне вечара серады каля Сьвятога Язэпа сабралася пару дзясяткаў чалавек. Потым дайшло да 100 чалавек, людзі ўвесь час падыходзяць. Людзі ідуць з кветкамі. Быў зроблены імправізаваны алтар. Напачатку прысутнічалі бабулькі‑верніцы, але потым падцягнулася моладзь.
Ксёндз, які адпраўляе службу, папрасіў не называць сваё імя. Перад пачаткам службы ён сказаў: «Некалькі гадоў вядзецца барацьба за вяртаньне сьвятыні. Мы хочам толькі аднаго, каб тут загучалі песьні пахвалы Пану Богу». Сьвятар таксама зазначыў, што будынак важна захаваць ня толькі як храм, але і як гістарычную каштоўнасьць.
Імша вядзецца, натуральна, па‑беларуску.
Няма пакуль ні міліцыі, мала вядомых грамадзкіх дзеячаў. Прыйшлі пісьменьнік Ільля Сін, барысаўскі актывіст Зьміцер Бародка, каардынатар "Хартыі'97" Зьміцер Бандарэнка, гісторык Алесь Белы.
***
Вернікі некалькі гадоў гады змагаюцца за вяртаньне царквы Сьвятога Язэпа. Раней у царкве і бэрнардынскім манастыры, часткай якога яна была, разьмяшчалася вайсковая камэндатура. Асаблівыя пратэсты вернікаў выклікала жаданьне ўладаў перадаць квартал арабскім інвэстарам для выбудовы там пяцізоркавага гатэлю з саўнай і боўлінгам. Малітвы за вяртаньне царквы праходзілі ля яе муроў штодзень. Сёньня, на сьвята Ўшэсьця Багародзіцы, упершыню пад мурамі праходзіць служба.





