Прэзідыум Палітсавета аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС), пасяджэнне якога адбылося 15 жніўня ў Мінску, разгледзеў пагадненне аб прынцыпах удзелу ў кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Як паведаміў БелаПАН лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, пагадненне падтрымалі АГП, Партыя БНФ, Партыя камуністаў Беларуская, Беларуская партыя жанчын «Надзея», Беларуская сацыял‑дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай партыі працы, арганізацыя «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва», а таксама часткова аргкамітэт па стварэнні руху «За Свабоду».

Адмовіліся далучыцца да пагаднення Беларуская сацыял‑дэмакратычная Грамада, аргкамітэты па стварэнні Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і «Маладога фронту». У прыватнасці, лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч зазначыў, што пагадненне скоўвае ініцыятыву суб’ектаў АДС.

Паводле слоў А.Лябедзькі, галоўнае ў пагадненні тое, што дэмсілы выстаўляюць на парламенцкія выбары 2008 года адзіны спіс, які прадугледжвае наяўнасць адзінага агульнага кандыдата на адну выбарчую акругу. Кожны з такіх кандыдатаў будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі з агульным пасланнем да выбаршчыкаў, пад адным лозунгам і «прыспушчаным партыйным сцягам».

Пагадненне таксама размяжоўвае функцыі паміж цэнтрам і рэгіёнамі. У прыватнасці, адзінага кандыдата будуць вылучаць у абласцях, калі ж рэгіёны не знойдуць адзінага рашэння, выбар зробіць цэнтр.

30 жніўня пагадненне будзе вынесена для прыняцця на пасяджэнне Палітсавета АДС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?