Упершыню ў гісторыі сёлета беларускі клюб трапіў у трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў па футболе. БАТЭ па чарзе перамог кіпрскі “Апаэль” і ісьляндзкі “Хафнаф’ёрдзюр”. Апошнім жа бар’ерам да групавога турніру Лігі чэмпіёнаў для барысаўцаў стаў бухарэсцкі “Сьцяўа”. Румын цяпер трэніруе легендарны ў мінулым футбаліст Георгі Хаджы. якога некалі называлі балканскім Марадоннам.
Барысаўскі гарадзкі стадыён быў забіты цалкам, рэдка дзе віднеліся вольныя месцы. Увогуле, футбалісты БАТЭ павінны быць у значнай ступені ўдзячныя сваім заўзятарам, яны тонка адчувалі сытуацыю і падтрымлівалі каманду ў самыя складаныя моманты.
Ужо зь першых хвілінаў адчувалася, што румыны вышэй клясам за нашу каманду, аднак нярэдка ў футболе парадак б’е кляс. Першы тайм толькі пацьвердзіў гэтае выказваньне. На 40-ой хвіліне цэнтральны абаронца БАТЭ Арцём Радзькоў удала скарыстаў адскок у штрафной “Сьцяўа” і зь некалькіх мэтраў адкрыў лік – 1:0.
У другой палове сустрэчы барысаўцы відавочна саступалі бухарэстцам у сьвежасьці. Ня дзіва, чэмпіянат нашай краіны ўжо пераваліў за экватар, а румыны толькі выйшлі з адпачынку. Гэтая перавага хутка адлюстравалася на таблё. Цяпер ужо цэнтральны абаронца “Сьцяўа” Гаян ўдала сыграў галавой у штрафной БАТЭ – 1:1. А за шэсьць хвілін да фінальнага сьвістка бліскучы ўдар са штрафнога атрымаўся ў Дзіке – 1:2.
Румыны маглі забіць яшчэ, але не імкнуліся да гэтага, за што і былі пакараныя. Ужо ў дадатковы час лік выраніў Генадзь Блізьнюк – 2:2.
Пачуцьцё прыкрасьці зьмяніла сабой надзея і аптымізм. Матч у адказ пройдзе праз два тыдні ў Бухарэсьце. Шанцы яшчэ застаюцца.





