«Ідэя паставіць у Беларусі «Дзядоў» з’явілася ў актора Юрыя Жыгамонта — тады яшчэ не было пастаноўкі Янушкевіча ў Тэатры лялек, — расказвае пісьменнік Максім Клімковіч, аўтар сцэнічнай версіі «Дзядоў». — Фінансаваць праект узяўся прадзюсар Андрэй Чорны, які марыў пра свой тэатр».
«Наша Ніва»: Дык гэта пілотная пастаноўка новага «Тэатра Ч»?
Максім Клімковіч: Так. Рэжысёрам спачатку запрасілі Валерыя Мазынскага, але штосьці не склалася, пасля ўсё зацягвалася. Урэшце запрасілі рэжысёрку з Літвы. І ўся пастановачная група таксама літоўская.
«НН»: Спектакль рабілі разам літоўцы і беларусы. Ці адчувалася розніца ў прачытаннях Міцкевіча?
МК: Мы хацелі назваць спектакль «беларускалітоўскім», але Рамуне сказала, што ён выключна беларускі: каб ставіла ў Літве, іншыя рабіла б акцэнты, уціск Масквы для іх ужо неактуальны.
«НН»: Чаму літоўская тэатральная школа так розніцца ад беларускай?
МК: Нашы рэжысёры ўсе вучыліся ў Расіі. А ў Літве, у часе міжваеннай незалежнасці, на тэатр моцна паўплывала заходнееўрапейская традыцыя. Пасля вайны Літва ад Захаду была ізаляваная, а традыцыя працягвала развівацца. Вынік выйшаў унікальны.
«НН»: Чымсьці няўлоўным п’еса нагадала «Тутэйшых» у пастаноўцы Пінігіна: там фінальны маналог Здольніка, тут прамовы Конрада, там сцяг у фінале, тут белчырвонабелыя стужкі нясуць анёлы...
МК: Так, мы згадвалі пастаноўку «Тутэйшых» — я баяўся, каб падчас спектакля ніхто ў зале не крыкнуў «Жыве Беларусь!» ці не вывесіў сцяг з балкона. Як акцыя гэта было б класна, аднак на пастаноўцы адразу можна было б ставіць крыж.
«НН»: Сцэны з Санкт-Пецярбурга не трапілі і ў спектакль Аляксандра Янушкевіча, які ставіў «Дзядоў» у Тэатры лялек. Вы бачылі яго працу?
МК: Адмыслова не хадзіў, бо з’явіцца нейкая падобная ідэя, а пасля звінавацяць, што скраў. І рэжысёрка не хадзіла таксама.
***
Максім Клімковіч нар. у 1958. Празаік, драматург. Унук пісьменніка Міхася Клімковіча, аўтара словаў Дзяржаўнага гімна БССР.





