Беларускі пасол у Расіі Ігар Петрышэнка заявіў пра неабходнасць далейшага развіцця супрацоўніцтва Беларусі з Масквой.

На прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры газеты «Вечерняя Москва» 23 мая ён адзначыў, што паміж Беларуссю і расійскай сталіцай склаліся добрыя адносіны. «Фундамент, закладзены ў развіццё адносінаў Масква — Мінск, сапраўды апраўдвае сябе. Ён трансфармуецца ў падводзіцца пад рэаліі сённяшняга жыцця. Спадзяюся, надалей нашы ўзаемаадносіны будуць толькі развівацца», — цытуе пасла «Вечерняя Москва».

Гандаль з Масквой Петрышэнка назваў «адным з важнейшых пунктаў экспарту».

«Чатыры мільярды долараў ЗША — гэта наш узаемны тавараабарот з Масквой. Важна заўважыць, што доля гандлю з Масквой у нашым экспарце — гэта 20%. Гэта вельмі істотная лічба», — сказаў пасол.

Ён адзначыў, што «ў Маскве прыжыўся кірмашовы гандаль беларускай прадукцыяй», таму Беларусь і далей плануе развіваць кірмашовы гандаль у расійскай сталіцы.

Пры гэтым кіраўнік беларускай дыпмісіі падкрэсліў: не ўся прадукцыя пад шыльдай «Тавары з Беларусі» такой з’яўляецца. Петрышэнка параіў звяртацца да гандлёвых прадстаўнікоў Беларусі па атрыманне інфармацыі аб рэальных пастаўшчыках. «Мы працуем у Маскве па прынятай тут нарматыўнай базе. Мы адпавядаем усім патрабаванням, якія прад’яўляе да нас урад Масквы. На жаль, мы не можам ручацца за любога, хто пад шыльдай „Тавары з Беларусі“ гандлюе падробкай», — сказаў ён.

Дыпламат таксама паведаміў, што ў Маскве будзе расці колькасць рэстаранаў беларускай кухні. Сёння, паводле яго звестак, у Маскве працуюць чатыры рэстараны беларускай кухні.
«У Беларусі смачная і вельмі багатая нацыянальная кухня, якая знойдзе наведвальнікаў, — перакананы ён. — Так што мы запрашаем прадпрымальнікаў прасоўваць рэстараны нашай нацыянальнай кухні. Мы ўжо вядзем перамовы са сталічнымі і беларускімі прадпрымальнікамі, у якіх ёсць пэўная цікавасць у рэстаранным бізнесе. У перспектыве мы паспрабуем адкрыць у Маскве яшчэ некалькі нацыянальных рэстаранчыкаў».

Пасол Беларусі нагадаў, што не так даўно (у лістападзе 2012 года) у Мінску прайшлі Дні Масквы, адказам на якія стануць Дні Мінска ў Маскве. «Тады, на днях Масквы ў Мінску, у нас пабывалі прадстаўнікі расійскай сталіцы, атрымалася плённа папрацаваць. Спадзяюся, на запланаваных на восень Днях Мінска ў Маскве ўсё пройдзе толькі лепш», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?