Гаспадарчы суд Мінска прыняў рашэнне аб банкруцтве і ліквідацыі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства (ПУП) «Агенцтва моды Сашы Варламава».

Справа аб гэтым прадпрыемстве ўваходзіць у пералік спраў, па якіх прынята рашэнне аб банкруцтве з ліквідацыяй даўжніка, апублікаваны на сайце Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі. З гэтай інфармацыі вынікае, што рашэнне аб банкруцтве і ліквідацыі было прынята яшчэ 1 сакавіка 2013 года.

Вядомы беларускі мадэльер Аляксандр Варламаў быў змешчаны пад варту 20 мая 2011 года. Ён абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры), ч. 3 арт. 210 (крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 211 (прысваенне маёмасці), ч. 1 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

Паводле звестак абвінавачання, Варламаў у інтарэсах уласнага прадпрыемства — «Агенцтва моды Сашы Варламава» — рэкламаваў яго і яго платныя паслугі за кошт сродкаў дзяржбюджэту, якія выдзяляліся на рэкламу фестывалю «Млын моды».

Акрамя таго, згодна з інфармацыяй абвінавачання, на працягу 2005–2011 гадоў Варламаў браў наяўныя грошы за навучанне мадэляў, але не ўносіў іх на разліковы рахунак ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава». Паводле звестак следства, у розныя перыяды навучання такім чынам з Варламавым расплачваліся некалькі дзясяткаў мадэляў і іх прадстаўнікоў, калі гаворка ішла пра непаўналетніх удзельнікаў праекта. Яны плацілі ад 70 тысяч да амаль 2 мільёнаў рублёў у залежнасці ад тэрмінаў навучання.

Суд над Варламавым пачаўся 4 лютага 2013 года і доўжыцца дагэтуль. Сваёй віны мадэльер не прызнае. У якасці пацярпелых па справе праходзяць больш як 350 чалавек, сведак — больш як 800. Матэрыялы справы складаюць 147 тамоў. Згодна са звесткамі следства, агульны матэрыяльны ўрон, нанесены дзеяннямі Варламава, склаў больш як 1 млрд. 200 млн. рублёў.

У лютым пасяджэнне суда перарывалася з-за дрэннага самаадчування падсуднага — яму рабілі магнітна-рэзанансную тамаграфію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?