У гэты дзень 16 гадоў таму Вярхоўная Рада ўхваліла акт пра абвяшчэньне незалежнасьці Ўкраіны.
Урачыстасьці ў Кіеве з нагоды сьвята пачынаюцца малебнам у Сафійскім саборы з удзелам прадстаўнікоў розных рэлігійных канфэсій і кіраўнікоў дзяржавы, уключна з прэзыдэнтам Украіны Юшчанкам і прэм’ерам Януковічам.
Гэтую традыцыю Юшчанка запачаткаваў у 2005 годзе, каб зрабіць акцэнт на духоўна‑гуманістычным зьмесьце сьвята.
Пасьля завяршэньня малебну прэзыдэнт Юшчанка прамаўляе на Сафійскай плошчы.
У некаторых гарадах Заходняй Украіны ва ўсе сьвяточныя дні пасажыры ў вышыванках будуць езьдзіць на грамадзкім транспарце бясплатна.
У Львове таксама ўпершыню сьвяткуюць Дзень вышыванкі, апрануўшы скульптуры‑фантаны на плошчы Рынак у вышыванкі.
У Данецку 23 жніўня з нагоды Дня сьцягу разгарнулі найвялікшы ва Ўкраіне дзяржаўны сьцяг памерам 30 на 45 мэтраў.
Пасьля прэзэнтацыі ў Данецку сьцяг у наступныя 30 дзён правязуць па 24 абласных цэнтрах Украіны, а таксама Сімферопалі, Кіеве й Севастопалі.





