Павал Якубовіч

Рэдактар «Советской Белоруссии» зьмясьціў на сайце nn.by свой дадатковы камэнтар да справы А. Суздальцава, які, мяркуе П. Якубовіч, працаваў на расійскую выведку ў Беларусі. Вось ягоны тэкст:

«Шаноўная рэдакцыя!

Дзякую за ўвагу да сайта «СБ», у тым лiку за праяўлены iнтарэс да маёй перапiскi з чытачамi. Цяпер да справы. Адказваючы наведнiкам сайта на пытанне наконт ступенi маёй «варожасцi» да А.I.Суздальцава, а таксама перспектывы яго хваробы, я, сапраўды, адказаў цалкам недвухсэнсоўна: Суздальцава я не лiчу ворагам (увогуле мне не даспадобы такая ацэначная катэгорыя) i жадаю яму хутчэйшага выздараўлення. Таму дазвольце не згадзiцца са сцвярджэннем шаноўнай рэдакцыi «НН», якая надрукавала ўсю гэтую гiсторыю пад загалоўкам «Павал Якубовiч выкрыў шпiёна». Шпiёнаў выкрываюць так званыя «кампетэнтныя органы», а не журналiсты. Але ў тым, што А.Суздальцаў, падчас знаходжання на тэрыторыi Беларусi, выконваў «далiкатныя» i цалкам акрэсленыя даручэннi, сумненняў у мяне няма. Усе, хто меў неасцярожнасць непасрэдна кантактаваць са сп. Суздальцавым, мелi магчымасць пераканацца ў канкрэтнасцi дзеянняў «палiтолага». Я таксама! Успамiнаю i нашумелы артыкул пра грубую «дыскрымiнацыю рускай вулiцы» на Беларусi, а таксама i час яе публiкацыi — пачатак канфлiкту з «Газпромам»! Помнiцца, пасля прачытання гэтага выбуховага матэрыялу я праз Сецiва «выйшаў» на Суздальцава, запрасiў яго ў рэдакцыю. Доўгi час даводзiў, што, па-першае, «рускую грамаду» на Беларусi нiхто не дыскрымiнуе, што, па-другое, моўныя i некаторыя iншыя культуралагiчныя працэсы, наадварот, выклiкаюць непакой у беларускай творчай iнтэлiгенцыi, i, па-трэцяе, што гэтак груба i мэтанакiравана раздзiмаць «нацыянальнае пытанне» у нашай краiне можа толькi чалавек (альбо арганiзацыя), якi мае нядобры «iнтарэс». Мае аргументы сутыкнулiся са сцяной. Увогуле, даволi хутка я пераканаўся, што маю справу з самым што нi на ёсць прымiтыўным, нягледзячы на фразеалогiю, шавiнiстам. Адзiнае, што я сказаў тады з горыччу:

- Андрэй Iванавiч, магчыма, у вас не склалiся адносiны з цёшчай-беларускай? Але гэта не падстава для таго, каб перанесцi непрыязнасць на Беларусь.

Праз некалькi дзён я надрукаваў «Калонку», дзе публiчна перасцярог сп. Суздальцава ад практыкаванняў у нацкоўваннi фантастычнай «рускай вулiцы» на «злых беларусаў».

Мне здаецца, што тыя, хто шмат пiша и гаворыць пра «беларушчыну», але не ў стане адрознiць шалёную крытыку Суздальцавым «лукашызму» ад яго iмкнення апраўдаць і ўзмацніць энергетычную анексiю «Газпрома», нешта зразумеюць...

Але ставiць знак роўнасцi памiж «патрыятызмам» и разведдзейнасцю было б брутальнасцю. У сваiм адказе наведнiку сайта «СБ» напiсаў, што ў ваенна-медыцынскiх установах Расii не прымаюцца на лячэнне людзi, якiя не маюць адносiнаў да ваеннай службы. Не мяняю пункту гледжання! Вартыя жалю намаганнi сп. Суздальцава спаслацца не нейкiя «сувязi» нiчога, акрамя смеху, у абазнаных людзей выклiкаць не могуць. «Высокiя сувязi» у Маскве гарантуюць лячэнне ў клiнiках сiстэмы Кiравання Справамi прэзiдэнта Расii. Але не ў закрытых шпiталях Мiнабароны. Яшчэ раз паўтараю: цывiльнага чалавека ў вайсковую медустанову не размесцяць — на гэта ёсць адпаведныя i строгiя нарматыўныя акты. Больш на гэтым спыняцца не буду, усё ясна i так! Хто не верыць, няхай паспрабуе «пралячыцца» у цэнтральным шпiталi МА Беларусi. У Маскве з гэтым яшчэ стражэй. У iншым выпадку замест афiцэраў i генералаў (iх, уключна з армiяй адстаўнiкоў — многiя дзесяткi тысяч) у маскоўскiх шпiталях лячылiся б толькi «блатныя». Але шышкi нашмат больш значныя, чым нейкi Суздальцаў — знакамiтыя акцёры, пiсьменнiкi, нават палiтыкi рангу Жырыноўскага, — лечацца ў цывiльных клiнiках, па месцы «прапiскi». Значыць, Суздальцаў мае афiцыйнае права на вайсковую «лечпрафдапамогу»! Значыць, ён — служыць! Але дзе можа служыць «цывiльны чалавек», якi саромеецца права на ваенную лечпрафдапамогу? Толькi ў спецслужбе. Я выказаў меркаванне, што гаворка iдзе пра Галоўнае разведупраўленне Генштаба расiйскай армii — ГРУ. Суздальцаў абвяргае. Што ж, магчыма, Суздальцаў служыць у iншых спецслужбах. Не буду пярэчыць, гэта не так важна i мяне мала цiкавiць. Адно знаю дакладна: Суздальцава выдварылi з Мiнска па ўсiх фармальных канонах узаемаадносiн спецслужбаў. З фармулёўкамi, якiя iстотна адрознiваюцца ад тых, якiмi вытлумачвалася выдварэнне Ступнiкава, напрыклад, альбо нават чэшскага i латвiйскага дыпламатаў (не прыпомню iх прозвiшчы), якiя ў Мiнску «забаўлялiся» з хлопчыкамi. У адносiнах жа да Суздальцава усе маглi прачытаць, што падставы дэпартацыi звязаныя выключна з пытаннямi нацыянальнай бяспекi. Змест гэтых «пытанняў» — зразумела, таямнiца, вядомая толькi Суздальцаву, яго маскоўскаму начальству i тым у КДБ па вул. Камсамольскай , хто гэтым займаўся.

Перад тым, як паставiць кропку, скажу: «шыць справу», чапляць цэтлiкi Суздальцаву не збiраюся, прывёў толькi шырока вядомыя факты. Маралiзаваць таксама не стану: выконваў «рускi патрыёт» на Беларусi сваю задачу — сэрцу не загадаеш, «пагарэў» — здараецца. Нiхто ж не сумняецца, што нават вельмi сяброўскi настроеная да Беларусi расiйская разведка мае на нашай тэрыторыi свой «iнтарэс»? Нашы контрразведчыкi, напэўна, таксама стараюцца не дарэмна жаваць свой прафесiйны хлеб. Лагiчна?

Яшчэ раз жадаю Суздальцаву выздараўлення.

Але толькi ў стане моцнай лiхаманкi можна было сцвярджаць, што рэдактар «СБ» «зрабiў усё, каб прыбраць мяне з беларускага палiтычнага поля». Пра дэпартацыю Суздальцава я, насамрэч, даведаўся, як i ўсе, з прэс-рэлiзу КДБ. Смешна, калi мяне «дэманiзуюць» i надаюць мне лаўры чалавека, якi «прымае рашэннi». Напiсаць артыкул у газету — я магу, але прыбраць кагосьцi «з палiтычнага поля»? Гэта ўжо занадта. Гэта, як любiць выказвацца паэт Зянон, — бздура!

Улiчваючы хваробу, а таксама тыя абставiны, што праўда коле вочы, можна было i не заўважыць дурнаватай iнвектывы нездаровага «палiглота» наконт «выдварэння з палiтычнага поля». Але яго наступны пасаж не лезе, пардон, нi ў якiя вароты. Цытую: «Менавiта ён (Якубовiч. — П.Я.) са старонак сваёй газеты абвiнавацiў мяне ў аўтарстве нейкiх ананiмак... Ён... ведае, хто змяшчаў тыя ананiмкi. Там было задзейнiчана КДБ, i ўжо высветлiлi, што гэтым займаўся другi чалавек». Уважлiва прачытаўшы гэты блёкат, я так i не змог зразумець, пра якiя «ананiмкi» i пра якое «высвятленне» размова? Адзiнае, што цвёрда ведаю i гатовы пацвердзiць на любым судовым паседжаннi — нiякiх «ананiмак» пра Суздальцава цi ад яго iмя падчас майго рэдактарства «СБ» не публiкавала. Увогуле, глыбога пагарждаю ананiмкамi, адразу кiдаю iх у сметнiцу — iх прыходзiць па 5 штук на дзень. Нават сумна вядомы «Белый аист» быў у свой час адмiнiстрацыйна навязаны рэдакцыi, пра што я тады ж палiчыў неабходным паставiць чытача у вядомасць, назваўшы арганiзацыю, якая была аўтарам матэрыялу.

Суздальцаў пiша: «Павел Iзотавiч зараз проста апраўдваецца». Перад кiм? Перад Суздальцавым? Ды калi б наведнiк сайта «СБ» не спытаў майго меркавання, то я нiколi б i не ўспомнiў пра Суздальцава. Цi мала было ў маiм жыццi «стукачоў», засакрэчаных i адкрытых, якiя спрабавалi зрабiць на мне кар’еру? Перабрэхвацца з кожным? Не хопiць часу на журналiстыку, асабiстае жыццё i ўсё астатняе, што пакуль яшчэ цiкава мужыку маiх шаноўных гадоў. Так што спiце, Андрэй Iванавiч, спакойна. У сэнсе, папраўляйцеся i перастаньце удаваць з сябе фiгуру, перад якой патрэбна «апраўдвацца».

Шаноўная рэдакцыя!

Сцiпла спадзяюся, што вы змесцiце (у газеце альбо на сайце) лiст, мэта якога расставiць некаторыя «акцэнты» у гэтай гiсторыi. Адзiн з наведнiкаў сайта «НН» «Несвядомы Беларус» з’iранiзаваў:

— Якубовiч i Пазняк... Цiкавы тандэм.

Сапраўды «цiкавы», але не «тандэм». У мяне ёсць шмат падставаў не адчуваць да Пазняка пiетэт, думаю, у яго — не менш. Але гэта не значыць, што я павiнен бачыць у З.С. «ворага» i закрываць вушы, калi ён гаворыць цалкам разумныя, з майго пункту гледжання, рэчы. Пра «шпiёнаў» у тым лiку.

З павагай да рэдакцыi i чытачоў «НН»,

Павел Якубовiч.»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0