«Зняты ўсе абмежавальныя меры» ў адносінах да былой намесніцы рэдактара газеты «СБ. Беларусь сегодня» Ганны Шадрыной, паведамляе Еўрарадыё29 мая Рада Еўрасаюза скараціла на аднаго чалавека спіс неўзязных беларускіх чыноўнікаў.
На момант складання «чорнага спісу Еўрасаюза» Ганна Шадрына ўжо не працавала ў прэзідэнцкай газеце, адкуль сышла паводле ўласнага жадання. У выданні яна ўзначальвала аддзел культуры і лістоў.Вядома, што ў 2011 годзе яна мела перапіску са структурамі Еўрасаюза, бо была не згодная з фармулёўкамі, праз якія яна апынулася ў спісах. Тады ліставанне было завершанае нічым.
У тым жа афіцыйным выданні Еўрасаюза паведамляецца, што зняты абмежаванні з дзвюх беларускіх кампаній — спіртагарэлкавага завода «Аквадзіў» (прадпрыемства падпала пад санкцыі 23 сакавіка 2012 года) і«Спорт-пары» (у чэрвені 2011 года). Абедзве кампаніі былі ўнесены ў спіс як прадпрыемствы, падкантрольныя бізнесмену Уладзіміру Пефціеву.
Варта адзначыць, што на мінулым тыдні Дзярждэпартамэнт ЗША прыняў рашэнне спыніць дзеянне санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў «Белтэхэкспарт» і «БелОМА».
Палітычнае рашэнне аб візавых і эканамічных санкцыях у дачыненні да Беларусі было прынята Радай ЕС 31 студзеня 2011 года ў Бруселі, калі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года.
Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза павінны быць замарожаны. Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Рада ЕС неаднаразова пашырала гэты пералік, і цяпер уезд у Еўрасаюз забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам, дадае БелаПАН.