Зараз на слыху імя Шушкевіча: Валэнса вылучыў былога старшыню Вярхоўнага Савету на Нобэля. Я прагледзеў у сваім архіве файл з Шушкевічавымі ўспамінамі, падрыхтаванымі колісь для радыё "Свабода". І выбраў пару фрагмэнтаў. Не пра вывад ядравай зброі ды іншыя рэчы, за якія прапануецца даць прэмію міру, а пра іншыя, меней вядомыя моманты біяграфіі.

Бо Шушкевіча бальшыня ўспрымае менавіта як былога сьпікера. Хтосьці папракае за нерашучасьць на высокай пасадзе, хтосьці лічыць вялікай гістарычнай асобай за адзін толькі подпіс у Белавежы. Я ж ня стаўлю тут на мэце даваць палітычную характарыстыку, а хачу нагадаць: да гэтай пасады ў яго за плячыма быў ужо ладны кавалак няпростага жыцьця. Яно і сфармавала асобу з пэўным наборам рысаў, моцных і, мусіць, ня надта… Але, што бясспрэчна, з выразна беларускім сьветапоглядам.

Слова — Станіславу Шушкевічу.

"Мой бацька, рэпрэсаваны паэт, адбыў у зьняволеньні ды ссылцы два дзесяцігодзьдзі. Дык вось, як яго арыштоўвалі, я, тады двухгадовы малы, уявеце сабе, нарабіў перапуду сярод энкавэдыстаў.

Мяне, як потым распавядала маці, зацікавіла бліскучая цацка на рэмені аднаго са службоўцаў. Я цішком падышоў да яго ззаду дый паспрабаваў ухапіць кабуру з наганам! Энкавэдыст ад жаху ледзь ці не да столі падскочыў!

Так што калі сёння асобныя былыя партфункцыянэры або колішнія выкладчыкі навуковага камунізму распавядаюць, як нацярпеліся яны ад бальшавікоў і як даўно сталі змагарамі з дыктатурай, я іншым разам жартую, што стаў змагаром з таталітарным рэжымам значна раней — у 36-м.

Калі ж сур'ёзна, то пасьля арышту бацькі стала надта цяжка.

Маці шмат працавала, бо карміла сям'ю з чатырох чалавек. Толькі стаўшы студэнтам, я асэнсаваў шалёныя нагрузкі, якія яна трывала, разрываючыся аж на трох працах.

Бабуля, сястра Ірына ды я атрымлівалі з часу вайны і да 1947 года так званыя ўтрыманскія прадуктовыя карткі, а маці — працоўную. На матчыну давалі 500 грамаў хлеба на дзень, на нашыя — 300. Спажываньне ж ішло ў іншай прапорцыі. Маці ды бабуля ўвесь час казалі, што хлеба ім проста ня хочацца. А для мяне гэта быў найсмачнейшы ласунак.

Дзеля нас з сястрой маці проста недаядала, але ніколі ня скардзілася на стому, ніводнага разу не спазнілася на працу. І толькі калі проста ўжо не магла ўстаць з ложка, прасіла схадзіць у больніцу ды выклікаць лекара.

А жыццё працягвалася.

Я быў непаседам, дацямна гуляў з хлопцамі ў няхітрыя спрадвечныя гульні — даганялкі, жмуркі, пікара... Але быў старанным хатнім вучнем. Неўпрыкмет маці навучыла мяне ў чатыры гады шпарка чытаць па-беларуску і па-расейску. Традыцыя гэта захоўваецца, але з папраўкай на сучаснасьць: унучка, як ёй было чатыры, ужо нядрэнна чытала і па-ангельску.

А тады ў нашай сям'і ды і на ўсёй Камароўцы, у раёне якой стаяла наша драўляная хата (акурат дзе зараз філярмонія), заўжды размаўлялi толькі па-беларуску. Але мая бабуля — перакананая каталiчка, якая пагадзілася на шлюб з праваслаўным дзедам толькі праз касьцёл, — пачала цiшкoм заахвoчваць мяне да вывучэньня малiтваў на польскай мове. Справа была пастаўленая на рынкавы грунт. За кожны вывучаны рэлігійны тэкст я атрымліваў пяць капеек, за якія ў сталoўцы радыёзаводу побач з домам мoжна былo пачаставацца шклянкай кiсялю. Так паціху прызвычаіўся я і да польскай мовы, якую больш-менш прыстойна засвоіў, калі быў ў якасці візыт-прафэсара ў Ягелонскім ўніверсытэце ў Кракаве ў 1974 годзе.

А тады, у 39—40-м, я мог ужо сам складаць па-беларуску лiсты бацьку ў Сiбiр. Шлях у iх быў, вiдаць, дoўгi ды няпросты. Цэнзары пільна сачылі, каб і ў маіх крамзалях ніякай крамолы не было. Бацька распавёў пра гэта вершам:

У таежную глуш ты прыслаў мне пiсьмo,

Янo дoўга шукала мяне i блукала,

Hа iм надпiсаў шмат, i пячатак каймo,

I канвэрцiк чужая рука разарвала.

***

Што да сённяшняга прапагандысцкага ачмурэньня, якое перапаўняе дзяржаўны этэр, то, ведаеце, як у тым вершы: "Дымам зьгіне ўсё ліхое...".

Распавяду з гэтай нагоды адну гісторыю часоў юнацтва. Увосень 1952 году, акурат пры канцы сталінскай эпохі, узяўся я зрабіць ва ўніверсытэце радыёвузел. Мяне нават ад "бульбы" аслабанілі ды далі асобны пакойчык на хімфаку: стварай! Асабліва мітусіліся вакол дзеячы з парткаму ды камітэту камсамолу. Надта ж ім карцела праз уласнае радыёперадаваньне ўзьняць у нашай альма-матэр ідэалягічную працу!

Пакарпеў я багата, але справу зрабіў. Ды толькі спадзевы нашых ідэалягічных начальнікаў не апраўдаў. Неўпрыкмет радыёвузел зьмяніў, як цяпер бы сказалі, фармат перадаваньня. Ды замест нудоты стаў трансьляваць усё болей музыкі, пад якую спраўна ладзіліся вечарынкі.

Дзякуючы гэтаму я тады стаў ва ўніверсытэце знакамітай фігурай. Ну а начальства зрабіла выснову, што я разваліў важную ідэалягічную справу.

Праўда, да разбору палётаў так і не дайшло. Бо ўвесну ня стала вусатага тырана. А ягоная "вэртыкаль" неўзабаве пачала болей думаць пра тое, як выкруціцца самой.

Карацей, жыццё ўсё ставіць на свае месцы. Так было — і так будзе".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?