Нядаўна на сайце Касмічнага тэлескопа «Хабл» з'явіўся здымак каметы C/2012 S1 ISON. Маленькае зоркападобнае ядро з невялікім блакітным хвастом здзяйсняе свой палёт дзесьці ў раёне арбіты Юпітэра, больш чым за паўмільярда кіламетраў ад Зямлі. Здавалася б, што ў гэтай касмічнай вандроўніцы незвычайнага? Маленькія каметы назіраюцца штогод у вялікай колькасці і з’яўляюцца прадметам цікавасці толькі спецыялістаў. Але два факты прымушаюць нас звярнуць увагу на здымкі: магчыма, гэта адна з самых яркіх камет ХХІ стагоддзя, і сярод імёнаў яе першаадкрывальнікаў значыцца наш суайчыннік.

Як адкрываюць «хвастатых госцей»?

Каметы — гэта невялікія (часам некалькі кіламетраў) целы, якія складаюцца з замерзлых газаў і вады, а таксама з цвёрдых часцінак і пылу. Рухаюцца каметы па вельмі выцягнутых арбітах, таму, калі яны аддаляюцца на вялікую адлегласць ад Сонца і Зямлі, іх немагчыма ўбачыць у ніводзін зямны тэлескоп. Але чым бліжэй нябесная госця падыходзіць да Сонца, тым мацней яго промні награваюць паверхню каметы, выклікаючы выпарэнне газаў і выкід пылу — у каметы ўтвараецца дыфузны хвост.

Большасць адкрытых камет прылятаюць да нас з самых ускрайкаў Сонечнай сістэмы, а перыяды іх абарачэння вакол Сонца складаюць тысячы гадоў. Таму калі мы адкрываем новую «касмічную госцю», то, хутчэй за ўсё, мы бачым яе першы раз. Дарэчы, для адкрыцця каметы трэба некалькі разоў сфатаграфаваць адзін і той жа кавалак неба. І калі на здымках апынецца аб’ект, які паціху мяняе сваё становішча, то ён можа быць у тым ліку і каметай.

Такая сітуацыя і здарылася 21 верасня 2012, калі беларускі аматар астраноміі Віталь Неўскі і ягоны расійскі калега Арцём Навічонак працавалі ў Кіславодску на адным з невялікіх тэлескопаў сеткі ISON. Дарэчы, сама сетка тэлескопаў першапачаткова з’яўлялася праектам некалькіх апантаных аматараў астраноміі. А цяпер мноства тэлескопаў ISON ёсць па ўсім свеце і каманда з некалькіх дзесяткаў чалавек займаецца пошукам астэроідаў, камет і касмічнага смецця. І калі камп'ютарная праграма выдала спіс падазроных аб’ектаў на атрыманым здымку, адзін з іх адразу зацікавіў даследчыкаў. Параўнальна яркі аб’ект рухаўся занадта павольна для звычайнага астэроіда, выклікаючы падазронасць, што ён знаходзіцца нашмат далей ад нас. Праз дзень былі атрыманыя больш дакладныя дадзеныя і ў астраномаў не засталося сумневаў — гэта камета! А праз тры дні адкрыццё было пацверджана і Міжнародным астранамічным саюзам.

Што нам чакаць?

Калі б гэтае адкрыццё было зроблена на ўласным тэлескопе, то адкрыты аб’ект атрымаў бы імя «камета Неўскага—Навічонка», але паколькі яны працавалі ў рамках супольнага праекта, то ў выніку ў назву патрапіла толькі абрэвіятура ISON. Але самае цікавае чакала наперадзе: у каметы апынулася незвычайная арбіта. Калі яна патрапіць у найбліжэйшую да Сонца кропку сваёй траекторыі, адлегласць ад яе да гарачай паверхні нашага свяціла ненашмат будзе перавышаць радыус самога Сонца. З-за гэтага пачнецца актыўнае выпарэнне газаў, з’явіцца доўгі хвост, а бляск вырасце настолькі, што, па некаторых ацэнках, яна зможа быць бачная нават на дзённым небе!

Хвост такой каметы пры спрыяльных умовах можа расцягнуцца нават на чвэрць неба. Такое відовішча ўжо ўчыніла камета МакНота ў 2007 годзе. Але ўбачыць яго пашанцавала толькі жыхарам Паўднёвага паўшар’я. А вось «наша» камета якраз добра будзе бачная з тэрыторыі Беларусі.

Гэта, канечне, найбольш аптымістычныя прагнозы. Але пасля таго, як камета зблізіцца з Сонцам (а гэта адбудзецца 29 лістапада), яе можна будзе назіраць нават няўзброеным вокам. Адзінае, што можа перашкодзіць такому відовішчу — небяспека разбурэння каметы каля Сонца, бо на такой малой адлегласці яна будзе награвацца да вельмі высокіх тэмператур. У любым выпадку, большасць астраномаў называюць адкрытую беларусам «хвастатую зорку» самай чаканай нябеснай падзеяй 2013 года.

Самы актыўны беларускі астраном

У Беларусі, на жаль, амаль цалкам адсутнічае прафесійная астраномія. Гэтая навука патрабуе значных грашовых укладанняў, а фінансавай карысці для народнай гаспадаркі наадварот не прыносіць, таму даследаваць Сусвет могуць дазволіць сабе толькі багатыя дзяржавы. Але частка даследаванняў трымаецца ў нас на заўзятых астраномах-аматарах, сярод якіх і Віталь Неўскі. Яшчэ дваццаць гадоў таму ён пабудаваў сваю невялікую абсерваторыю пад Віцебскам, дзе пастаянна назірае за начным небам. Нягледзячы на сціпласць абсталявання і адсутнасць спецыяльнай адукацыі, навуковыя вынікі працы беларускага энтузіяста ўражваюць: у свой час ён змог удакладніць памеры спадарожніка Сатурна, упершыню з тэрыторыі Беларусі адкрыў 15 астэроідаў (і яшчэ шмат у межах іншых праектаў), таксама ўпершыню ў нашай краіне адкрыў звышновую зорку ў адной з галактык. Нястомны астраном актыўна супрацоўнічае і з міжнароднымі навуковымі праектамі, сярод якіх і сетка тэлескопаў ISON, пры дапамозе якой і было зробленае адкрыццё каметы.

Дарэчы, два з адкрытых Віталем астэроідаў атрымалі назвы роднага горада Віцебска і любімага настаўніка астраноміі — У. А. Голубева.

Беларусы адкрывалі каметы і раней

Трэба сказаць, што беларускія аматары астраноміі ўжо не першы раз трапляюць на галоўныя старонкі сродкаў масавай інфармацыі. Другі вядомы энтузіяст з­пад Оршы — Сяргей Шурпакоў — у 2011 адкрыў камету на здымках сонечнай кароны з касмічнага апарата SOHO. Здавалася б, нічога надзвычайнага не здарылася — менавіта аматары дапамагаюць адкрываць каметы на гэтых фота. Тым больш, адкрытая Сярегеем камета вельмі хутка сутыкнулася з Сонцам і загінула. Аднак адразу ў момант сутыкнення ў кароне нашага дзённага свяціла адбыўся магутны выкід рэчыва, ад чаго стварылася ўражанне, быццам гэта камета на паверхні выбухнула са страшнай сілай. Вядома, маленькае касмічнае цела памерам у некалькі кіламетраў не ў стане ўчыніць выбух сонечнага маштабу, але сусветныя СМІ актыўна падхапілі гэту навіну, указваючы ў сваіх публікацыях, што камета была адкрытая менавіта беларусам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?