Пуціну 60 гадоў, ягонай жонцы 55. У шлюбе яны пражылі 30 гадоў і выгадавалі дзве дачкі, якім ужо за 20.
Пуцін з Людмілай Пуцінай у чацвер вечарам пабывалі на балеце «Эсмеральда» у Дзяржаўным Крамлёўскім палацы. Пасля балета яны далі інтэрв’ю карэспандэнтцы тэлеканала «Расія 24». Відавочна, гэта была хатняя загатоўка.
Карэспандэнтка падышла да пары і запыталася пра тое, ці праўда, што яны больш не жывуць разам.
«Так, можна сказаць, гэта цывілізаваны развод», — сказала Людміла Пуціна з драўляным выразам твару, але стараючыся захаваць годнасць.
Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, заявіў, што гэта «супольнае рашэнне».
«Я далучаюся да слоў Уладзіміра Уладзіміравіча, гэта сапраўды было нашым супольным рашэннем», — пацвердзіла Людміла Пуціна.
Прэзідэнт Расіі патлумачыў развод з жонкай Людмілай тым, што не ўсе гатовыя да высокай ступені публічнасці, якую прадугледжвае роля жонкі палітыка такога ўзроўню. «Уся мая дзейнасць, уся мая праца звязана з публічнасцю, з абсалютнай публічнасцю. Камусьці гэта падабаецца, камусьці не, але ёсць людзі, якія цалкам з гэтым несумяшчальныя», — заявіў Пуцін, адказваючы на пытанне журналіста.
«Людміла Аляксандраўна адстаяла гэтую вахту, 8 гадоў, ужо дзевяць», — сказаў Пуцін.
«Кожны з нас жыве сваім жыццём», шлюб вычарпаў сябе, мы практычна не бачымся, — сказала Людміла Пуціна.І пацвердзіла, што не любіць пералётаў, не любіць публічнасці.
Пуцін адзначыў, што іх дзеці выраслі, вучыліся і жывуць у Расіі. Людміла Пуціна, у сваю чаргу, падзякавала яму за клопат пра дзяцей.
Калі галоўнае было прамоўлена, Пуціны сталі выглядаць трохі больш разняволена.





