Нядаўна ўступіла ў сілу пастанова Савета міністраў ад 16 мая 2013 года № 384, якая ўносіць змены ў парадак перабудовы і перапланіроўкі жылых і нежылых памяшканняў.

Дакумент выклікаў мноства пытанняў у беларусаў, бо зараз узгадняць трэба практычна кожны крок, піша газета «7 дней»: ад замены вокнаў да пераносу сушыльні.

Але самае галоўнае — чыноўнікі не змогуць даказаць, што вы ажыццявілі тыя перабудовы пасля 16 мая 2013 года. Бо ж да 16 мая самастойная змена пакрыцця на падлозе была цалкам легальнай.
А вось зараз, напрыклад, засцяліць падлогу ламінатам замест лінолеума, паркетам замест каўраліну самастойна забараняецца.
Тлумачаць гэта спецыялісты ЖЭСаў і ЖРЭА тым, што пры парушэнні тэхналогіі кладкі, што сустракаецца нярэдка, пагаршаецца гукаізаляцыя. Тэарэтычна жыхары, чые правы з-за рамонту парушаныя, могуць падаць пазоў у суд.

Замена вокнаў у пакоях або на балконе запатрабуе ўзгаднення з эксплуатуючай арганізацыяй і ў галоўнага архітэктара раёна. Для гэтага спатрэбіцца напісаць заяву і на план-схеме намаляваць малюнак вокнаў, якія плануецца паставіць. Калі, на думку спецыялістаў, прапанаваны варыянт не парушыць знешняе аблічча фасада, на план-схеме паставяць пячатку аб узгадненні.

Каб усталяваць уваходныя металічныя дзверы, давядзецца прайсці такую ж працэдуру, што і пры замене вокнаў.

Адзінае адрозненне — спатрэбіцца прысутнасць паўналетніх членаў сям’і, каб тыя пацвердзілі сваю згоду.

Дазвол ці ўзгадненне на перанос сушыльні патрэбныя. А вось проста памяняць дадзенае абсталяванне — можна без лішніх хаджэнняў па інстанцыях. Адзінае «але» — неабходна выканаць тэхналогіі і правілы.

Паставіць новыя міжпакаёвыя дзверы ў рамках таго ж прасценка можна без усялякіх узгадненняў. Выключэнне: калі вы вырашылі памяняць дзвярныя завесы (адкрыццё дзвярэй) або прасценак вырашылі пашырыць, тады прыйдзецца павазіцца з паперамі. Зрабіць дзверы больш або зрушыць іх у бок можна, толькі атрымаўшы дазвол і склаўшы праект.

Калі кухня невялікая, добрым рашэннем становіцца аб’яднанне яе з гасцёўняй. Сцяну паміж двума гэтымі пакоямі зносяць зусім або прабіваюць у ёй арку і атрымліваюць прасторнае памяшканне. Алгарытм дзеянняў у гэтым выпадку прыкладна такі ж, як і пры пераносе дзвярнога праёму: спатрэбіцца дазвол выканкама і, вядома, праект.

Пры гэтым, задумваючы пераробку, улічыце, што адкрытую арку паміж кухняй і жылым пакоем могуць дазволіць, толькі калі ў кватэры ўсталяваная… электрапліта. Калі ж пліта газавая, то ў прасценак прыйдзецца паставіць дзверы ў любой іх варыяцыі — купэ, гармонік, расхісныя. Праўда, ёсць адзін нюанс. Калі ў кватэры больш аднаго пакоя, то папросту можна казаць пра тое, што вы робіце кухню-сталовую. У гэтым выпадку можна абыйсціся без перагародак у арцы.

Калі разеткі ў кватэры размешчаныя нязручна, прыгатуйцеся да таго, што перанесці іх будзе нятанна і няпроста. На майстраванне сістэм энергазабеспячэння, так жа, як ацяплення, вентыляцыі і некаторых іншых, патрабуецца дазвол у выканкаме. Укладваць праводку могуць толькі спецыялісты, у якіх ёсць дазвол на правядзенне падобных работ. З імі трэба заключыць адпаведную дамову. Сапраўды гэтак жа спатрэбіцца дамова на ажыццяўленне тэхнічнага нагляду з арганізацыяй, у якой ёсць адпаведны дазвол. У канцы прыёмачная камісія павінна скласці акт прыёмкі выкананых работ па перамайстраванні і перапланіроўцы.

Схема замены радыятараў і ўсталёўкі кандыцыянераў прыкладна такая ж. Але ўлічыце, што жыллёвыя арганізацыі рэкамендуюць мацаваць знешні блок кандыцыянера на балконе ці лоджыі, а не выносіць яго на сцяну дома, каб не псаваць знешні выгляд фасада. Калі праігнаруеце гэтую рэкамендацыю, у дазволе на ўсталёўку кандыцыянера, хутчэй за ўсё, адмовяць.

Нагадаем, гэтым жа дакументам вызначаны парадак атрымання дазволу ўсталёўкі на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцый у адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?