Як паведамляе ў сваім акаўнце ў Facebook Цімох Дранчук, яго знаёмага Аляксея Маневіча затрымалі міліцыянты за тое, што ён зняў іх, калі яны патрулявалі горад на скутарах.

«Ён ажыццявіў іх фатаграфаванне, пасля чаго яны вырашылі яго затрымаць. На пытанне аб падставах затрымання яны замяліся, але потым зарыентаваліся і патлумачылі, што затрымліваюць за адсутнасць у яго дакументаў. І фармулёўка менавіта такая — не для высвятлення асобы, а проста таму што дакументаў з сабой няма», — піша Цімох Дранчук.

У самога Маневіча пад фатаздымкам міліцыянтаў на скутарах змешчаны подпіс «Вось за гэты здымак мяне вядуць у Савецкае РУУС».

Аднак у РУУС Савецкага раёна Мінска карэспандэнту «НН» паведамілі, што затрыманы з імём Аляксей Маневіч да іх не паступаў.

Як растлумачыў сам Маневіч, да Савецкага РУУС ён сапраўды не дайшоў.

«Я гуляў разам са сваім дзіцём на стадыёне на вуліцы Цнянскай. Убачыў міліцыянта на скутары, вельмі зацікавіўся і вырашыў сфатаграфаваць. Аднак ён праехаў міма мяне, а потым вярнуўся разам з яшчэ адным міліцыянтам-скутарыстам, і я сфатаграфаваў абодвух. Гэта ім не спадабалася, яны падышлі да мяне.

Адзін з іх сказаў: „А вы ведаеце, што нельга нас фатаграфаваць?“ Я папрасіў патлумачыць чаму. Уцямна растлумачыць яны нічога не змаглі, але адзін з іх спаслаўся на тое, што я парушаю Дэкларацыю правоў чалавека, якая, нібыта, забараняе фатаграфаваць міліцыянтаў.

Я зразумеў, што так проста яны ад мяне не адчэпяцца, і патэлефанаваў на нумар 102. Неўзабаве прыбыў яшчэ адзін супрацоўнік. Ён спытаў мае дакументы, але я выйшаў на прагулку, і, зразумела, у мяне іх не было. Тады ён прапанаваў мне прайсціся ў Савецкае РУУС.

Так мы і пайшлі ўтрох: міліцыянт, мая дачка і я. Аднак прывялі мяне не ў РУУС, а ў Групу кадраў Савецкага РУУС на вуліцы Якуба Коласа, 39. Мая дачка засталася чакаць звонку, а мяне завялі ў кабінет.

Там мяне „прабілі“ па базе і сказалі, што ніхто мяне не затрымліваў. Аднак супрацоўнік у цывільным адзначыў, што могуць затрымаць, калі яны атрымаюць нейкі ордар. Таксама ён палохаў мяне магчымымі праблемамі ў будучым, асабліва калі гэтыя фотаздымкі будуць апублікаваныя ў якой-небудзь сацыяльнай сетцы», — расказаў Маневіч.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?