9 чэрвеня пачаўся афіцыйны візіт міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Азербайджан.

«Гэта першы візіт на ўзроўні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам у чэрвені 1993 года», — паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

У межах візіту запланаваны сустрэчы Макея з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і міністрам замежных спраў Эльмарам Мамедзьяравым. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства выступіць у Азербайджанскай дыпламатычнай акадэміі, наведае Бакінскі славянскі ўніверсітэт і Цэнтр беларускай культуры пры гэтай ВНУ.

«Падчас перамоў бакі абмяркуюць шырокае кола пытанняў супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах. Будуць разглядацца пытанні ўмацавання супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, у тым ліку ў межах ААН і АБСЕ», — паведамляе прэс-служба.

Візіт працягнецца па 11 чэрвеня.

Паводле даных беларускай статыстыкі, у 2012 годзе беларуска-азербайджанскі тавараабарот склаў 223,3 млн. долараў (знізіўся на 78,2%), беларускі экспарт — 211 млн. долараў (вырас на 5,4%), імпарт — 12,2 млн. долараў (знізіўся на 98,5%).

У студзені-красавіку гэтага года тавараабарот склаў 62,2 млн. долараў і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года павялічыўся на 10,3%, экспарт — 58 млн. долараў (павялічыўся на 12,6%), імпарт — 4,2 млн. долараў (паменшыўся на 14,2%). Сальда — станоўчае (53,8 млн. долараў).

Тавараправодная сетка беларускіх вытворцаў на рынку Азербайджана прадстаўлена трыма гандлёвымі дамамі і 30 дылерамі.

У Азербайджане ажыццяўляецца зборка беларускіх трактароў, грузавых аўтамабіляў, аўтакранаў, камунальнай тэхнікі, аптычнага абсталявання, ліфтаў. Лідар у галіне вытворчай кааперацыі — Гянджынскі аўтазавод.

У жніўні 2012 года ў Мінску праведзена сёмае пасяджэнне міжурадавай беларуска-азербайджанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

У 2012 годзе ў Беларусь з Азербайджана прыцягнута прамых інвестыцый на 13,8 млн. долараў.

«Беларускі бок зацікаўлены ў нарошчванні магутнасцяў дзейных у Азербайджане беларускіх зборачных вытворчасцяў, пашырэнні мадэльнага шэрагу зборачнай тэхнікі, рэалізацыі новых праектаў у будаўнічай сферы, адукацыі, медыцыне, навуцы і культуры. Ёсць значны патэнцыял у развіцці інвестыцыйнага супрацоўніцтва і прыцягненні азербайджанскага боку да праектаў, што рэалізуюцца ў Беларусі», — адзначае прэс-служба МЗС Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?