63-гадовы драматург Аляксей Дудараў сышоў з пасады мастацкага кіраўніка Драматычнага тэатра беларускай арміі.

«Мяне ўчора вельмі цёпла праводзіў калектыў, — кажа спадар Дудараў. — Што я цяпер буду рабіць? Вось мой калектыў і паказаў мне ўчора, што варта рабіць — сядзець на беразе з вудай і лавіць карасікаў».

Тым не менш, Аляксей Дудараў працягне працаваць з трупай тэатра.

«Я сышоў праз узрост, — кажа драматург. — Мне прапанавалі працягнуць кантракт яшчэ на год, як кожнаму пенсіянеру. Я не стаў, аднак неафіцыйна мы працягнем працу. Тэатра я не кінуў, тут ідуць мае п’есы, і нават ўчора мяне праважалі толькі фармальна — усе ведаюць, што я застануся».

Пра свае творчыя планы спадар Дудараў расказваць не любіць.

«Цяпер у тэатры імя Горкага паставілі майго «Экзэкутара» — п’есу-працяг гогалеўскага «Рэвізора», якую я напісаў у шпіталі. Што будзе далей? Я не люблю загадваць наперад». — кажа Дудараў.

Пісьменнік падкрэслівае, што яго не знялі «па загадзе». «Я ведаю, што людзі любяць чытаць навіны кшталту: Барак Абама патэлефанаваў Жадобіну, і той мяне зняў. Я б сам такое з задавальненнем і цікавасцю пачытаў. — смяецца Дудараў. — Аднак тут звычайнае жыццё, тым больш, што працаваць разам мы працягваем».

Дудараў — аўтар п’есаў «Выбар», «Парог», «Вечар», «Радавыя», «Князь Вітаўт», «У прыцемках».

Ён нарадзіўся ў вёсцы Кляны, што пад Дуброўнам, на самым усходзе Беларусі. Паходзіў ён з адной тых рэдкіх усходнебеларускіх сем’яў, у якіх у вайну выжылі і бацька, і маці. Праз бацьку-франтавіка і аднавяскоўцаў, ён упітаў у сябе ваенны эпас, і вайна стала моцнай тэмай Дударава-драматурга.

Паводле ягонага сцэнара быў зняты папулярны фільм «Белыя Росы».

Дудараў кіруе Саюзам тэатральных дзеячоў Беларусі, а ў свой час быў адным з заснавальнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У свеце мастацтва Дудараў быў прынцыповым прыхільнікам беларусізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?