Паабяцаў вызваліць палітвязняў

Агітуючы за сябе, Хасан Рухані шмат ездзіў па краіне, і ўсюды збіраў вялікія натоўпы, абяцаючы вызваліць палітвязняў, забяспечыць грамадзянскія правы і «вярнуць нацыі годнасць».

На мітынгах і падчас тэледэбатаў ён гаварыў на забароненыя раней тэмы: пра супрацьстаянне з сусветнай супольнасцю па ядзернай праблеме, міжнародную ізаляцыю краіны і разбуральнае ўздзеянне міжнародных санкцый, цяжкае становішча ў эканоміцы.

Рухані заклікае да аднаўлення дыпламатычных адносін з ЗША, разарваных пасля захопу ў закладнікі персанала амерыканскай амбасады ў Тэгеране ў 1979 г.

Ён асабліва звяртаў увагу на неабходнасць высокай яўкі на выбары, паўтараючы, што кансерватары «не хочуць, каб вы галасавалі, яны хочуць перамагчы без барацьбы».

Адзіны кандыдат-святар

Хасан Рухані — адзіны святар сярод шасці кандыдатаў, якія балатаваліся 14 чэрвеня. Ён жа — самы па-рэфарматарску настроены сярод іх, хоць называць яго апанентам рэжыму, лібералам ці заходнікам нельга — тых у Іране да выбараў проста не дапускаюць.

Яго падтрымаў «іранскі Гарбачоў»

У ходзе кампаніі Рухані абапіраўся на падтрымку рэфармістаў на чале з экс-прэзідэнтам Махамадам Хатамі, якога ў перыяд знаходжання ва ўладзе (1997–2005) часам называлі «іранскім Гарбачовым».

У падтрымку Рухані выказаўся таксама аўтарытэтны сярод часткі духавенства былы прэзідэнт Акбар Хашэмі Рафсанджані,
якому Рада вартавых канстытуцыі забараніла самому выступіць у якасці кандыдата — фармальна, з-за ўзросту.

Быў пры ўладзе, рэзка крытыкаваў Ахмадзінэджада

Хасан Рухані нарадзіўся 12 лістапада 1948 года. Ён не пачатковец у палітыцы, хоць да гэтага часу больш выступаў як эксперт, чым практычны кіраўнік.

З 1992 г. ён нязменна узначальваў іранскі Цэнтр стратэгічных даследаванняў — аналітычны і кансультатыўны орган пры поўнаўладным Духоўным лідары. Пяць разоў абіраўся дэпутатам меджліса, дзе займаў пасаду віцэ-спікера. Быў кіраўніком авіяцыі, намеснікам галоўнакамандуючага ў часе ірана-ірацкай вайны. З 1989-га па 2005 год быў сакратаром Рады па нацыянальнай бяспецы Ірана. Мае дыпламатычны досвед: пры прэзідэнце Хатамі прадстаўляў Іран на перамовах па ядзернай праблеме. Быў адзіным святаром у дэлегацыі перамоўнікаў.

У перыяд студэнцкіх дэманстрацый з-за закрыцця ліберальнай газеты ў 1999 годзе заявіў, што вінаватыя ў падрыўной дзейнасці і пашкоджанні дзяржаўнай маёмасці заслугоўваюць смяротнага пакарання, калі іх віна будзе даказаная. Аднак пасля змяніў свае погляды,
і ў 2009 годзе, калі пачаліся масавыя хваляванні з-за меркаваных фальсіфікацый на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, казаў, што грамадзяне маюць права мірна выказваць свой пратэст.

Ён рэзка крытыкаваў Махмуда Ахмадзінэджада, які, на яго думку, наносяць вялікую шкоду краіне «безадказнымі і непрадуманымі заявамі».

Высокаадукаваны багаслоў і прававед

Новы прэзідэнт — высокаадукаваны шыіцкі багаслоў і прававед. Абараніў доктарскую дысертацыю ў Каледонскім універсітэце ў Глазга. Валодае арабскай, англійскай, французскай, нямецкай і рускай мовамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?