Кіраўніцтва сацсеткі «Укантакце», вядомай сваёй талерантнасцю да пірацкага кантэнту, вымушана апраўдвацца перад карыстальнікамі за выдаленне музычных кампазіцый.

Прэс-сакратар сацсеткі Георгій Лобушкін на сваёй старонцы паведаміў: «Ад нас гэты выбар не залежыць… Мы заўсёды выдалялі аўдыё-і відэазапісы, калі на іх падаваліся законныя скаргі ад праваўладальнікаў, проста зараз такіх зваротаў стала больш».

Пры гэтым ён абяцае, што вялікая частка кампазіцый застанецца ў вольным доступе. «Мы не збіраемся выдаляць наогул усю музыку, толькі замежную ці толькі рускую, толькі рок ці толькі поп-музыку — мы выдаляем канкрэтныя кампазіцыі пэўных выканаўцаў», — заявіў ён.

«Музыканты, якія не баяцца дзяліцца сваёй творчасцю бясплатна, нікуды не знікнуць. Музыкі ў гэтым свеце шмат, і ніхто нікому не зможа забараніць нешта слухаць ці навязаць свае перавагі», — лічыць адміністрацыя.

Маштабныя праблемы з доступам да музычных файлаў у сацсеткі пачаліся ў пятніцу, пасля таго, як Дзярждума Расіі прыняла ў першым чытанні закон аб барацьбе з інтэрнэт-пірацтвам.
Песні замяніла паведамленне: «Аўдыёзапіс быў выключаны з публічнага доступу ў сувязі са зваротам праваўладальніка. Вы можаце выдаліць аўдыёзапіс, які парушае аўтарскія правы».

Карыстальнікі сацсеткі адрэагавалі рэзка і неадкладна. У Twitter з’явіўся хэштэг #вернитемузыкувVK, які на некаторы час заняў месца ў сусветных трэндах сэрвісу мікраблогаў.

Зрэшты, неўзабаве ахвотнікі слухаць звыклыя песні звыклымі сродкамі знайшлі дасціпны выхад: кампазіцыі зноў запампоўваюць у сетку, перакручваючы імёны выканаўцаў.
Так, запісы Coldplay даступныя як «Халодныя гульні», Селена Гомес ператварылася ў «Салодкага гноміка», Lana Del Rey стала «Ваннай Без Дзвярэй», а Maroon 5 — гуртом «5 чувакоў».
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?