Пастановай Савета міністраў № 483 ад 13 чэрвеня 2013 года вызвалены ад пасад шэсць чыноўнікаў.
Анатоль Булыня звольнены з пасады дырэктара дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання паводле пагаднення бакоў.
Уладзімір Варакса пакінуў пасаду дырэктара дэпартамента па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя «ў сувязі з пераводам да другога наймальніка».
Наталля Жарнасек вызвалена ад пасады дырэктара Фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі таксама «ў сувязі з пераводам да другога наймальніка».
Пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракта Алег Максюта пакінуў пасаду дырэктара дэпартамента па гідраметэаралогіі Мінпрыроды.
Сяргей Несцяровіч звольнены з пасады намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі з прычыны скарачэння штата работнікаў.
Сяргей Нерад вызвалены ад пасады намесніка міністра спорту і турызму «у сувязі з учыненнем праступка, несумяшчальнага са знаходжаннем на дзяржаўнай службе». Нагадаем, у канцы красавіка гэтага года Нерад быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, у дачыненні да яго распачата справа на падставе ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару службовай асобай, якая займае адказнае становішча). Паводле звестак следства, Нерад неаднаразова атрымліваў хабар, прычым злачынствы «мелі працяглы характар і адбываліся да 2012 года».