Ikea ў Вільні размесціцца непадалёк ад аэрапорту.
У жніўні ў Вільні адчыніцца вялікі магазін Ikea. Літоўскае мэблевае прадпрыемства Visagino linija ужо выслала першыя тавары ў гэту краму.
У віленскай Ikea літоўскіх вытворцаў можна будзе знайсці з пазнакай Made in Lithuania. Кампанія Visagino linija прадае Ikea 98% сваёй прадукцыі - корпусную мэблю для гасцінай і спальні.
«Нашы тавары можна будзе купіць у Вільні, першыя партыі сталоў, камодаў, паліцаў ужо павезлі на склады першай крамы Ikea.Ikea — наш асноўны кліент, таму больш за ўсё тавараў вырабляем па іх мадэлях, аднак цяпер пачалі прадстаўляць і нашы тавары: хочам паказаць, у чым мы можам канкураваць з іншымі вытворцамі. Тавары з Вісагінаса ідуць не толькі ў Еўропу, але і ў Азію, ЗША», — кажа дырэктар Visagino linija Альгіс Макунас.
Зараз на Visagino linija працуюць 622 чалавека, камбінат працуе і ў выхадныя, і па начах.
«Штодня мы загружаем і разгружаем па 10-15 грузавікоў па 24 тоны», — сказаў Макунас.
Вісагінас — шматнацыянальны горад, таму і работнікі на ёй розных нацыянальнасцяў.
«На нашым камбінаце працуюць літоўцы, рускія, беларусы, палякі, латышы, татары, армяне - усяго ў Вісагінасе пражываюць людзі 40 нацыянальнасцей, таму і ў нас персанал розны», - зазначыў Макунас.





