![]() |
29 жніўня ў Менску і іншых гарадах Беларусі адбыліся акцыі памяці загіблых у гады сталінскіх рэпрэсіяў. Арганізатарам выступіў Камітэт ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Акцыя праходзіць 29 дня штомесяц з нагоды масавага расстрэлу беларускіх пісьменьнікаў 29 кастрычніка 1937 году. Некалькі дзесяткаў чалавек усклалі кветкі і запалілі сьвечкі ля крыжоў ва ўрочышчы Курапаты.
Жалобная імпрэза распачалася ўступным словам дасьледчыка гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігара Кузьняцова каля крыжоў на курапацкім узгорку. Далей гутарым з удзельнікам акцыі, сябрам аргкамітэту і палітыкам Вячаславам Сіўчыкам:
Карэспандэнтка: «Ушанаваньне загіблых у Курапатах адбываецца восьмы раз, вы тут таксама не ўпершыню?»
Сіўчык: «Натуральна. Упершыню я тут быў у 1988 годзе, пасьля таго, як у «ЛіМе» быў надрукаваны артыкул Пазьняка і Шмыгалёва «Дарога на Курапаты» і «Талака» праводзіла мітынг».
Карэспандэнтка: «Што мяняецца з тых часоў?»
Сіўчык: «Дзякуючы намаганьням грамадзкасьці, Курапаты сталіся народным мэмарыялам».
Карэспандэнтка: «Цяпер мы ідзём па алеі памяці ў Курапатах і за намі ідуць людзі ў цывільным, якія доўга стаялі і за ўсім сачылі. Што вы можаце сказаць пра гэта?»
Сіўчык: «На вялікі жаль, гэта таксама традыцыйная рэч. Весьці барацьбу з вандаламі і хуліганамі сёньняшнія ўлады не жадаюць. Але ўсе акцыі, якія праводзіць грамадзкасьць, адбываюцца пад пільным кантролем спэцслужбаў».
Карэспандэнтка: «Дзяўчаты зь бел‑чырвона‑белымі кветкамі, хто вы і чаму сёньня тут, у Курапатах?»
Дзяўчына: «Мы тут ад «Маладога фронту», але лічым, што ўсе павінны памятаць пра гэты дзень».
Дзяўчына: «Бо тут сапраўды былі забітыя бязьвінныя людзі. І важна, каб тут было болей моладзі».
Карэспандэнтка: «Спадарыня Зінаіда Тарасевіч, вы старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітчыных рэпрэсіяў. Што вы можаце сказаць пра сёняшні дзень?»
Тарасевіч: «Ой, сёньня я проста ўражаная. Калі прыйшло гэтулькі моладзі, то можна сказаць, што не, Беларусь не загіне. І гэта дае надзею, што сярод іх, магчыма, будзе ўжо такі прэзыдэнт, які не правядзе дарогу праз Курапаты».
На завяршэньне памінальнай імпрэзы прысутныя засьпявалі неафіцыйны беларускі гімн «Магутны Божа».





