Адразу пасьля сканчэньня свайго канцэрту на фэстывалі be2gether гурт «Ляпіс Трубяцкой» даў прэс‑канфэрэнцыю. Музыкі адказалі на пытаньні беларускіх і літоўскіх журналістаў, якіх цікавіла палітычная ангажаванасьць «Ляпісаў», іх стаўленьне да бел‑чырвона‑белага сьцяга і далейшае разьвіцьцё калектыва.

«Ляпісы» на be2gether»Тузін Гітоў»: Вас бел‑чырвона‑белыя сьцягі падчас канцэрту не засмучалі?

Павал Булатнікаў: А чаму яны нас павінны засмучаць?

Сяргей Міхалок: У нас няма ніякай колерадэнаміі, то бок не існуе нейкіх псыхалягічных ці нэўрасцэнічных абмежаваньняў.

ПБ: Яны на нас ня дзейнічаюць як чырвоная ануча на быка.

СМ: Увогуле, не існуе колера, які б нас сапраўды раздражняў. Мы самі выкарыстоўваем сваеасаблівы каляровы эфэкт. Напрыклад, жоўтыя яйкі. Колер боскай кавярні «Тамбурын». Ну, Гаген, Вэрлен і ўсе. Там, як толькі зьяўляўся жоўты колер, то ўзьнікалі патасоўкі ды бойкі. А зараз ідзе адваротны эфэкт. Выгляд жоўтага прадмета штурхае людзей на нейкія акрабатычныя эцюды, ідзе такі добры слэм. А нас не раздражняе ўвогуле ніякі колер.

«Рэспубліка» (Літва): Ці ёсьць спадзеў, што вы ў Беларусі будзе выступаць пад вашымі сьцягамі?

ПБ: Спадзеў ёсьць. Больш за тое, мы заўтра (26 жніўня) граем у Салігорску. Гэта не зусім афіцыйная сцэна, але й не забароненая. Будзе праходзіць акцыя нашага мабільнага апэратара. Калі вы пытаеце пра тое, ці мы забароненыя ў Беларусі, то, у прынцыпе, мы ня надта абласканыя.

СМ: Быў такі выраз «Aguilas no cazan moscas» (арол не палюе на мух). Тое, што мы займаемся кляўнадай, гратэскам і, яшчэ раз бліскану, ridens verum dicere (сьмяючыся кажам праўду) — гэта ператварае нас у мух. А дзяржава, у выглядзе дзьвюхгаловага арла, не рэагуе на нас. Нас цяжка ідэнтыфікаваць. Таму калі на нас будуць паляваць, то прызнаюць нашае існаваньне.

ПБ: Год сем таму была растаўленыя кропкі над «і». Стварылі такі парытэт, пры якім нас не заўважаюць. А можа й заўважаюць, але робяць выгляд, што не заўважаюць.

СМ: Усе гэта адносяць у разрад кансыліюмаў ды лякарскай таямніцы.

ПБ: Калі вы нас хочаце пабачыць на афіцыйных канцэртах «За Беларусь!», то гэтага ня будзе.

Пытаньне: А ў кліпа «Капітал» былі нейкія праблемы?

ПБ: Гэты кліп не ратыраваўся на беларускіх каналах. Бо ні адзін праграмны дырэктар ня возьме на сябе сьмеласьць яго паказаць.

Радыё «Рацыя»: А як жа другая, бяскрыўдная вэрсія «Капіталу»?

СМ: Справа ў тым, што другой вэрсіі не было. Вэрсія, якая існуе пад кодавай назвай «два» была зробленая для расейскага партала Upload. То бок здымаецца так званы сынхрон, выстаўляецца на партале і потым фанаты яго спампоўваюць і робяць самвыдат, спрабуюць сябе ў якасьці кліпмэйкераў. А калі казаць пра наш кліп… Што адбываецца ў Беларусі? Вы ж ведаеце ўсе Шварца «Забіць дракона». Уся сыстэма выбудаваная так, што на нейкіх вырашальных пасадах, я маю на ўвазе Міністэрства культуры, асноўныя радыёстанцыі, тэлевізійныя каналы, там сядзяць сэксоты й людзі, якія запраграмаваныя прымаць слушныя й патрэбныя ўладам рашэньні. Менавіта гэтыя людзі зьяўляюцца тым балотам, у якім спыняецца любая контркультура й любое мастацтва, якое ня ўпісваецца ў наш беларускі афіцыёз. Я ня бачыў ніякіх загадаў адносна кліпу «Капітал».

ПБ: Іх сапраўды не існуе. Гэта пэрсанальнае рашэньне якога‑небудзь клерка‑адміністратара.

СМ: А ўвогуле, я не сустракаў чалавека, які б ня бачыў гэты кліп. У свой час такія забарончыя меры прынесьлі папулярнасьць праекту «Саша і Сірожа». Калі да гэтага праект быў гумарыстычным аналягам Бівіса й Батхэда, то пасьля забароны мы атрымалі такі сацыяльна‑пратэстны статус. Мы сталі цікавыя людзям, для некаторых мы сталі такімі злымі адэптамі контркультуры.

«Рэспубліка» (Літва): Як вам падабаецца лёзунг фэстывалю be2gether «Музыка адчыняе межы»?

ПБ: Мы чыталі пра заяву нашага Мінстэрства замежных справаў, якое зьвярталася да арганізатараў з надзеяй, што ўсё пройдзе ў рамках, што ўсё будзе ня супраць Беларусі. Тут нам спадабалася трактоўка, якую выказалі арганізатары: «У нас фэстываль называецца «Будзем разам«, а ня супраць кагосьці».

СМ: Адна з сыстэмаў каардынатаў, якая зьяўляецца для нас паказальнай у сучасным сьвеце ў якасьці сьветаразуменьня ды тэалёгіі — гэта дзэн‑будызм. Таму мы верым у касмагеннасьць, у тое, што сьвет адзіны, у тое, што не існуе нейкіх межаў, якія могуць падзяляць сьвет. Я слухаю розную музыку й для мяне не істотна, будуць мне яе дазваляць слухаць ці не. Мне падаецца, у гэтым сэнс фэстывалю. Цяпер усё цяжэй і цяжэй становіцца дзяржаўным мужам быць стрымліваючым фактарам і спрабаваць навязваць сваю ідэалёгію, распавядаць, якія гурты нам слухаць.

Пытаньне: А калі б вы ня ўдзельнічалі ў канцэрце, то вы б прыехалі на фэстываль?

СМ: Хутчэй за ўсё, мы б былі занятыя на нейкім іншым канцэрце. Мы пазыцыянуем сябе, як work‑музыкі. Калі мы ня будзем працаваць, то ў нас ня будзе сродкаў для існаваньня. Тым больш гурт «Ляпіс Трубяцкой» адзін зь нешматлікіх мэйнстрымавых праектаў у творчым аб’яднаньні «Дзеці сонца» і нам трэба зарабляць грошы.

Пытаньне: Ці можна казаць, што новым кліпам быў зроблены крок у бок палітызаванасьці гурта?

СМ: Мы не палітызаваны гурт у любым выпадку. Палітыка нам чужая, як такая. Да паняцьця «файт» мы ставімся досыць іранічна. Асабіста я лічу, што дзеяньнямі пратэсту, салідарнасьці ты спрыяеш павелічэньню энэргіі каля ўсіх гэтых падзеяў. Таму трэба ўмеючы лавіраваць. Я не выказваю нічыіх інтарэсаў, акрамя сваіх асабістых. Мяне нельга пабачыць у нейкім сур’ёзным палітычным руху, бо мне гэта ня вельмі цікава.

ПБ: Нам, можа быць, цікава гэта як людзям…

СМ: Мне ўвогуле не цікава!

ПБ: Як творчыя асобы мы гэтага ня будзем выказваць.

«Тузін Гітоў»: Паколькі вы сябе пазыцыянуеце, як work‑гурт, вам не падаецца, што на ўсіх канцэртах вы пачынаеце выглядаць аднолькава. Нават тое, што кажаце паміж песьнямі паўтараецца.

ПБ: А вы на якім апошнім канцэрце нашым былі?

ТГ: «Рок за Баброў», напрыклад.

СМ: Дзякуй Богу, што ня так шмат людзей, якія ходзяць на ўсе нашыя канцэрты. Насамрэч, усе так званыя алюзіі й запазычанасьці аўтара ў сваіх творах сьведчыць пра яго (аўтара) сьпеласьць, нейкі шлях і цэласны дао. Раней мы былі дастаткова хаацічныя. Цяпер, канечне, ёсьць нейкія хатнія нарыхтоўкі, але шмат якія рэчы вы сёньня бачылі ўпершыню. А ўвогуле ад паўтарэньняў ніхто не застрахаваны. Але мы стараемся імправізаваць. Ёсьць мільярды гуртоў, якія цягам 25 год граюць адную й тую ж праграму. Таму гэта камень ня ў наш агарод. Нашае творчае крэда — пастаянна прыдумляць для сябе нейкія зацэпы. Можна, канечне, увесь час імправізаваць, але можна й завіснуць.

«Рэспубліка» (Літва): Як вы лічыце, ці былі на фэстывалі агенты беларускіх спэцслужбаў?

ПБ: Мяркуючы па тым, што Міністэрства замежных спраў зьвярнула на фэст увагу, то, напэўна, тут павінны быць людзі, якія пракантралююць, ці ўсё прайшло ў рамках.

СМ: Дзяржаўныя сыстэмы яны не на столькі дакладныя, як гэта паказваецца ў некаторых фільмах. Сярод іх шмат тупых, безыдэйных, якія лажаюць на кожным кроку. Яны ня могуць сур’ёзна ідэнтыфікаваць усё, што зьнітавана з контаркультурай. Калі я кажу пра independents, то гэта ў любым выдаку недалучэньне. Калі ты застаешся індзі, то цябе цяжка ідэнтыфікаваць, з табой цяжка змагацца. Мы жывем у гэтай краіне даўно й працягваем граць сваю музыку. На нас няма сродкаў ціску. Мы ня маем юрыдычнай асобы, нічога няма. Ім патрэбна, каб ты быў у нейкіх фармулярах, замесах, сядзеў дзесьці на лавэ, у цябе былі рахункі ў банках, у цябе была свая фірма. Калі ў цябе гэтага няма, то дзяржава нічога ня можа зрабіць.

«Рэспубліка» (Літва): У вас здараюцца праблемы, калі вы перасякаеце мяжу?

СМ: Толькі на ўзроўні хамства й гопніцтва. Гэта праблемы, якія могуць напаткаць усе. А ўвогуле, мы цудоўныя, і сустрэча з цудоўным заўсёды выклікае ў мытнікаў і памежнікаў зьзяньне на тварах.

Эўрапейскае радыё для Беларусі: Якія ў вас бліжэйшыя пляны. Ці будуць канцэрты, ці ёсьць ідэі наконт кліпу і альбому?

ПБ: Наступны раз нас можна пабачыць у менскім Палацы спорту, там будзе ўручэньне прэмій беларускага MTV.

СМ: Нам вельмі цікава там выступіць, бо адна з формаў музычнай канкурэнцыі ў Беларусі — гэта сустрэчы на такіх прэміях. Цікава паглядзець, хто што зь сябе ўяўляе. Там будуць рок‑гурты, такія як ТТ‑34. Будуць артысты папулярнага жанру, якія прыедуць са сваімі цудоўнымі падтанцоўкамі, пастаўленымі па.

ПБ: Мы лічым, што гэта важна, каб народ мог параўнаць і тых, і іншых.

СМ: Хочацца за кулісамі патаўчыся. Мы ня ўдзельнічаем у гамасяцкім жыцьці, нас не завуць на дні народзінаў. А часам хочацца наблізіцца да сьпявачкі Максім.

Пытаньне: А кліп, альбом?

СМ: Здымаем зараз кліп на «Залатую антылопу». Пасьля «Капіталу» ўвогуле цяжка рабіць нейкія крокі ў відэа.

ПБ: Мы спрабуем плянаваць вялікі сольны канцэрт у Менску. Спадзяемся замахнуцца на Палац спорту. Такія пляны ёсьць, але ня ведаем, калі атрымаецца гэта зрабіць.

«Рэсрубліка» (Літва): Вы ня думалі пра эміграцыю.

ПБ: Навошта? Нас не зразумеюць дома.

СМ: Панятак патрыятызм, якім зараз апэлююць, не азначае прыняцьця дзяржаўнасьці. Усе мае карані тут. Якая мне розьніца, хто зараз пры ўладзе? Чаму я мушу зьбягаць? Гэта маё месца! І даволі цікавае месца. Я думаю, мы зараз знаходзімся ў цікавым касьмічным падарожжы. Мы — адныя зь першаадкрывальнікаў чорных дзіраў, якія ў іх выжываюць.

Generation.by: У вас зьявіўся новы сайт, распавядзіце пра яго.

ПБ: Гэта не новы сайт, проста адноўлены троху.

СМ: Любая сучасная цывілізацыя, якая кіруе нашай блакітнай плянэтай, для яе пакуль што не даступны інтэрнэт. Таму ўся контркультура разьвіваецца там. Немагчыма пастаянна закрываць сайты й нешта адсочваць. Такія музыкі, як, дапрыкладу, Пітэр Гэбрыел, кажуць, што інтэрнэт выратуе вольнае мастацтва. Асабіста я асноўныя навіны чытаю ў інтэрнэце. Я не гляджу тэлевізар і не чытаю газэты. Таму сайт для нас вельмі важны.

«Тузін Гітоў»: Ці будзе зьяўляцца болей беларускамоўных песень? Ці вас гэта ўжо ня торкае?

СМ: Мяне ўвогуле нічога ня торкае. Я зараз на так званым sXe. Некалькі год нічога не ўжываю. Мне цяжка пісаць на беларускай мове. Бо ня вельмі атрымліваецца па‑беларуску напісаць той галянтэрэйнай мовай на якой мы сьпяваем. Для мяне гэта вялікая сур’ёзная праца. На трасянцы — так, лёгка. А па‑беларуску цяжка. Але трэба паспрабаваць.

Занатаваў Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў»

Фота Алена Скарабагатава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0