Учора паспадзяваўся на цуд. Пайшоў на першы канцэрт міжнароднага фэстывалю «Магутны божа». Тры гадзіны чакаў і верыў у тое, што «Віртуозы Масквы», прыехаўшы на беларускі фэст, выканаюць твор, словы якога далі фэсту назву. Я чакаў і спадзяваўся: «Во цяпер яны зайграюць і, як некалі, заля ўстане. Упаўгалосу падпяе, а потым ўзарвецца авацыямі». Не, не дачакаў.

З Палацу культуры вобласьці выбег, каб ня бачыць, ня чуць ды забыць. Лепей бы Яны забылі на гэты фэстываль. Пакінулі яго ў спакоі. Ды не — усё экспэрымэнтуюць. То праводзяць яго, то не праводзяць, апраўдваючыся тым, што такія мерапрыемствы мусяць быць самаакупнымі.

Вядома ж, лепей ня згадваць Ім на тое, што тым творам хацела сказаць Натальля Арсеньнева: «Зрабі Свабоднай, зрабі Шчасьлівай Краіну нашу і наш Народ». Шчасьце ў Свабодзе — гэта так проста як мудрасьць. Гэта нялюбае для Іх слова «свабода», нібы ідэалягічная дывэрсія. А там яшчэ: «Над Беларусяй ціхай і ветлай рассып праменьні Свае хвалы». Ну гэта ж наагул не стрываць. Якой ціхай і ветлай — мы ж за стабільнасьць і дынаміку.

Ёсьць нябесныя апекуны ў фэстывалю. Яны пра іх забыліся. А мы — не. Харавы дырыжор Уладзімер Роўда. Маленькі ростам і вялікай душы чалавек. Пакуль ён жыў, ігралі «Магутны Божа», і заля ўзрывалася авацыямі. А яшчэ Гай Пікарда — ангелец, дасьледнік беларускай культуры. Ён да скону шукаў выканаўцаў для фэстывалю, які любіў і прагнуў, каб фэст жыў. І Роўда, і Пікарда заступяцца за НАШ ФЭСТЫВАЛЬ. А яшчэ ёсьць Уладзіслаў Блін — дай Бог яму здароўя. Перакананы, ён будзе маліцца за «Магутны Божа», і фэстываль акрыяе. А мы дапаможам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?