Гаворка ня йдзе пра адступніцтва або здраду клясычнаму правапісу як прынцыпу. Новыя правілы дадуць нам падставу гаварыць пра адну беларускую мову на постсавецкім этапе яе разьвіцьця. Хоць новы правапіс, безумоўна, запатрабуе далейшага рэфармаваньня. Піша Сяргей Дубавец.

Гісторыя гэтай праблемы такая. Напачатку мінулага стагодзьдзя беларуская мова ня мела свайго правапіснага нарматыву. І тады рэдакцыя газэты “Наша Ніва” даручыла маладому навукоўцу Браніславу Тарашкевічу ўнармаваць правапіс. Тарашкевіч задачу выканаў, і ўся Беларусь пісала па‑беларуску аднолькава да 1933 году. У 1933‑м адбыўся раскол. Саўнаркам БССР правёў «моўную рэформу», якая мела жорсткі рэпрэсіўны і русіфікатарскі характар. Ставілася задача «спрашчэньня» беларускага правапісу і «набліжэньня» яго да расейскага. У выніку большасьць вучоных‑мовазнаўцаў была расстраляная ці сасланая ў ГУЛАГ, а саму беларускую мову сталі называць «грубай» (дзіва што, на пісьме больш не перадавалася мяккасьць жывых беларускіх гукаў). З гэтага часу ўсталяваліся два правапісы, якія сёньня называюць «тарашкевіцай» і «наркамаўкай». Першым правапісам да ўзьяднаньня 1939 году пісала Заходняя Беларусь, пасьля — эміграцыя, а з 1980‑х гадоў — практычна ўсе новыя выданьні дэмакратычнага кірунку. Другім — карысталася ўсё дзяржаўнае і афіцыйнае: улада, сыстэма адукацыі, СМІ і выдавецтвы.

На парозе абвяшчэньня незалежнасьці, на мяжы 1980‑х і 1990‑х гадоў канфлікт двух правапісаў акрэсьліўся як канфлікт, галоўным чынам, этычны. Нельга пісаць паводле рэпрэсіўнага нарматыву. Асабліва калі мы ўсе жывем у чаканьні суду над злачынствамі камунізму. І датуль, пакуль ніхто з упаўнаважаных і аўтарытэтных асобаў краіны ня выказаўся з асуджальнай ацэнкай рэформы 1933 году, само карыстаньне «наркамаўкай» выглядала маўклівым далучэньнем да сталінскага генацыду.

Сёньня мы стаім напярэдадні зьяўленьня трэцяга правапісу. Праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі» падрыхтавала Міністэрства адукацыі. Неўзабаве новыя правілы стануць законам.

Візуальна гэта будзе мадэрнізаваная «наркамаўка». За тым выключэньнем, што ў нас, прыхільнікаў «тарашкевіцы», больш няма падставаў для этычнага канфлікту. Бо афарбоўваць крывёю бальшавіцкіх злачынстваў правілы, прынятыя ў незалежнай Беларусі ХХІ стагодзьдзя, — тое самае, што вінаваціць падлетка Ганса ў ваенных злачынствах ягонага дзеда‑нацыста. Генэтычна яны — адно, Ганс вялікі і Ганс малы. Але малому трэба жыць сёньня, ня чуючы на кожным кроку кінутага на адрас дзеда — «Ганьба!».

Параўнаньне зь беларускай мовай, аднак, кульгае ў тым сэнсе, што немцы за пасьляваенны пэрыяд здолелі ня толькі адбудавацца, але й аб’яднацца ў адно цэлае, а беларусы апынуліся перад чарговым раздрабленьнем.

Трэба прызнаць, што мы, ініцыятары «тарашкевіцы», за мінулыя 20 гадоў так і ня здолелі стварыць уласнага адзінага руху. Наадварот, сёньня мы ператварыліся ў сэкту, бо абралі для існаваньня паралельны сьвет. Замест таго, каб дамагацца зьменаў у афіцыйным правапісе, мы здаволіліся закрытымі асяродкамі сваіх выданьняў і ніяк не сутыкаемся з тым, што прынята называць моваю школы. Калі ў часы перабудовы мы на агульнанацыянальным узроўні патрабавалі вярнуць традыцыйную назву сталіцы — «Менск» і іншых гарадоў, дык сёньня нам дастаткова таго, што мы так пішам у сваіх асяродках, тым часам ва ўсебеларускай дыскусіі гэтае пытаньне ўжо даўно не стаіць. Зь іншага боку, справядлівыя па сутнасьці этычныя аргумэнты супраць «наркамаўкі» прыводзяць для дэзарыентацыі карыстальнікаў мовы, у тым ліку й адносна новых правілаў. Сапраўды, каму захочацца пісаць «лукашэнкаўкай»? Выходзіць, што гэта і мы таксама сеем сумнеў у галаве маладога беларуса, які, выбіраючы мову іспытаў пры паступленьні ў ВНУ, раздумаецца («тарашкевіцай» — ня можна, «наркамаўкай» — брыдка, «лукашэнкаўкай»… ды пайшло яно ўсё!..) і будзе здаваць па‑расейску.

* * *

Калі ў часы абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 г. тарашкеўчыкі жылі спадзевам на пагаджальную канфэрэнцыю, якая б асудзіла злачынствы камунізму, у тым ліку і ў дачыненьні да мовы, дык потым чакалі, што «лясьне рэжым», зь якім пра мову гаварыць не было сэнсу. Запас трываласьці гэтага чаканьня аказаўся такім вялікім, што напрыканцы 1990‑х нават быў выйграны суд «Нашай Нівы» з Дзяржкамдрукам за права пісаць клясычным правапісам. Важна, што на тым судзе наш прынцып быў падтрыманы практычна ўсёй нацыянальнай моўнай прафэсурай. Але з таго моманту (10 гадоў назад) якраз гэты запас пачаў таяць на вачах. Многія тарашкевічныя мовазнаўцы адышлі ад справаў, доўгачаканая новая нармалізацыя «клясыкі» зьявілася кулюарным парадкам і аказалася надта далёкай ад жыцьця. Урэшце першапачатковая задача — думаць маштабам нацыі — была страчаная на карысьць захаваньня прынцыпаў, якія даўно сталі кухоннымі.

Некаторыя й сёньня яшчэ чакаюць, калі «лясьне рэжым». Але лёгіка гісторыі падказвае іншае. Рэжым ня лясьне ніколі, пакуль альтэрнатыва яму будзе сядзець на кухні. На зьмену гэтаму правіцелю прыйдзе іншы, напэўна, для беларушчыны ня лепшы. Сёньня мы маем ужо цэлую плойму канфармістаў у чыстым выглядзе. Але і з нас дысыдэнты, трэба сказаць, ніякія. Мы не адмаўляемся, як Ларыса Геніюш ад савецкага грамадзянства, ад пашпарта з «капустай» і аўтамабільных нумароў з «закатам над балотам». І гэта пры тым, што Беларусь — незалежная, пра што Геніюш магла толькі марыць.

Гаворка ня йдзе пра адступніцтва або здраду клясычнаму правапісу як прынцыпу. Новыя правілы даюць нам падставу казаць пра адну беларускую мову на постсавецкім этапе яе разьвіцьця. Новы правапіс, безумоўна, патрабуе далейшага рэфармаваньня — вяртаньня мяккіх знакаў, пераднаціскнога «я»… Але рабіць гэта трэба на ўсеагульным узроўні, а не ў закрытых асяродках, што не інтэграваныя ў агульнанацыянальны моўны працэс, які без удзелу гэтых асяродкаў выглядае скалечаным і ня надта жыцьцяздольным.

Што замінае нам прыняць новыя правілы ў якасьці адзіных? Прынцыпы? Дык варта задумацца пра цану, якая некалі будзе заплочана за нашы прынцыпы.

* * *

Вядома, новыя правілы могуць быць зганьбаваныя ўжо толькі за тое, што ўводзяцца пры аўтарытарным постсавецкім рэжыме. Але гэта наша краіна і мы — такія ж складнікі гэтага рэжыму, як і ўсе астатнія. Мы лічым сябе пратэстным электаратам, але самое жыцьцё ператварае нас у цынікаў і падмочвае нашы прынцыпы ў вачох наступнікаў. «Чаму яны не змагаліся за старажытныя сымбалі й мяккія знакі? Таму што здаволіліся, што карыстаюцца гэтым самі?..»

Няма сэнсу тут казаць пра тое, што ў адной мовы могуць быць два й болей нарматыўныя правапісы. Бо новыя правілы не даюць мовазнаўчай гардыні падставаў называць іх «наркамаўкай» і не пакідаюць аніякіх важкіх апраўданьняў далейшай правапіснай раздробленасьці. Нам патрэбная візуальна адна беларуская мова. Адна для ўсіх — і для афіцыёзу, і для апазыцыі, і для школы, і для друку. Інакш вакол расейскага слана будзе ўвіхацца ды брахаць усё больш і ўсё драбнейшых мосек, і ўсё больш яны будуць «разьбірацца» не са сланом, а паміж сабою.

Мы павінны выйсьці на сытуацыю штучна створанага парытэту беларускай і расейскай моваў. Адзін на адзін. І тады звычайны беларускі чалавек аднойчы спытаецца ў сябе самога — а чаму гэта «Панарама» ў нас не беларуская? І чаму Прэзыдэнт у нас — не беларускі? І чаму наша школа — не беларуская?..

Сёньняшняя Беларусь — постсавецкая і аўтарытарная — далёкая ад ідэалу, які нам мроіцца. Але пакуль мы не адчуем сябе яе часткай, нічога ня зьменіцца.

Сяргей Дубавец, газэта Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0