Здарылася гэта ноччу 21 чэрвеня ў вёсцы Кавальцы Маладзечанскага раёна.
Вечарам 23-гадовы мужчына выпіў гарэлкі і вырашыў угнаць машыну. Аўтамабіль знаходзіўся каля прадпрыемства ў вёсцы Кавальцы, якое вырабляе жалезабетон. Ён сеў за руль і загнаў машыну ў плот.
Потым сеў у другую машыну і з’ехаў у кювет.
– Мужчына вырашыў узяць трэцюю машыну, – расказаў старшы следчы Маладзечанскага аддзела Следчага камітэта Юры Багушэвіч. – На ёй хуліган паехаў у вёску Маркава. Там ён перасеў у чацвертую машыну, якая належыць работніку жалезабетоннага прадпрыемства, і паехаў у Маладзечна.
Тут яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Мужчына прадставіўся імем брата і сказаў, што паездзіць на машыне яму дазволіў сябар. Да таго ж, у машыне былі ўсе неабходныя дакументы.
Мужчыну адпусцілі, а машыну загналі на штрафстаянку, бо ён быў нецвярозы.
На наступны дзень яго затрымалі ў Мінску. Ён сам з’яўляецца работнікам жалезабетоннага прадпрыемства, таму знайсці яго было лёгка.
Мужчыну раней судзілі за крадзяжы і хуліганства. Цяпер яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.





