Андрэю Гайдукову, крымінальная справа якога слухаецца ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме, перапрад’яўлена абвінавачванне. Пра гэта журналістам паведаміў 28 чэрвеня генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

На які менавіта артыкул перакваліфікавана абвінавачванне, ён казаць адмовіўся, але паведаміў, што дзяржабвінавачанне запытала ў суда ў якасці пакарання для Гайдукова два гады пазбаўлення волі.

***

23-гадовы Андрэй Гайдукоў, аператар наваполацкага НПЗ «Нафтан», лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў», быў затрыманы 8 лістапада 2012 г.
Па версіі следства — «у момант закладкі тайніка з цікавячымі замежныя спецслужбы звесткамі». Пасля затрымання яго перавялі ў следчы ізалятар КДБ у Мінск. Пасля маладога чалавека неаднаразова перавозілі з Мінска ў Віцебск і назад. Згодна з артыкулам 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), па якой першапачаткова абвінавачваўся Гайдукоў, яму пагражала ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

На думку прадстаўнікоў апазіцыі і праваабаронцаў, прычынай затрымання Гайдукова стала яго актыўная грамадская дзейнасць. Напярэдадні пачатку працэсу праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскасці звярталіся да ўладаў з просьбай зрабіць судовы працэс адкрытым, аднак іх просьба не была пачутая.

Суд над моладзевым актывістам пачаўся 12 чэрвеня. 19 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў журналістам, што Гайдукову можа быць перакваліфікавана абвінавачанне. «Не факт, што Гайдукоў пойдзе па 356-м артыкуле», — сказаў Вакульчык.

Прысуд па справе Гайдукова павінен быць агучаны 1 ліпеня ў 11 гадзін.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?