Гэта здарыдася ў начной электрычцы, якая ехала з Мінска ў Брэст.
«На станцыі «Баранавічы-Палескія» ўвагу супрацоўнікаў міліцыі прыцягнуў малады чалавек, які выйшаў з электрацягніка. Для высвятлення асобы яго запрасілі ў дзяжурную частку, а там пры аглядзе выявілі ў яго кашалёк з 1,9 млн рублёў», — расказаў начальнік штаба Баранавіцкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Вадзім Кулік, паведамляе «Intex-press».
Як аказалася, затрыманы — 19-гадовы жыхар Пінскага раёна, які раней быў судзімы за рабаванне.
Міліцыянты, па словах Вадзіма Куліка, западозрылі, што кашалёк хлопец у кагосьці выкраў. «Іх падазрэнні неўзабаве пацвердзіліся: у дзяжурную часць звярнуўся жыхар Жабінкі, які паведаміў, што прачнуўшыся ў электрычцы, не знайшоў свайго кашалька», — расказаў начальнік штаба.
У дачыненні да жыхара Пінскага раёна распачата крымінальная справа па артыкуле «крадзеж».





