Недалёка ад Віцебска на свінакомплексе побач з вёскай Копці, па словах мясцовых жыхароў, знішчаюць усё пагалоўе свіней у сувязі з успышкай афрыканскай чумы свіней.

Як паведаміла «ННВ» крыніца ў Віцебскім райвыканкаме, падрыхтоўка да мерапрыемства па ліквідацыі свіней пачалася яшчэ перад выходнымі.

Першапачаткова для гэтага планавалася прыцягнуць супрацоўнікаў устаноў культуры раёна — жанчыны павінны былі забіваць жывёл, а мужчыны грузіць,
але пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. Магчыма нават, што замест работнікаў культуры зараз задзейнічаны вайскоўцы.
Трапіць на сам свінакомплекс зараз немагчыма — усе дарогі, у тым ліку прасёлачныя, перагароджаны пастамі міліцыі і ДАІ.
Cупрацоўнікі ўнутраных органаў, якія стаяць у ачапленні, тлумачаць, што гэта забароненая зона, але з-за чаго забарона — каментаваць адмаўляюцца.
Карэспандэнту міліцыянты забаранілі весці фотаздымку нават за межамі так званай «забароненай зоны».
А калі ён адмовіўся паказаць ужо зняты матэрыял, хацелі затрымаць і даставіць ў Віцебскі РАУС, але потым проста папрасілі з'ехаць.

Супрацоўнік раённай ветэрынарнай інспекцыі ў адказ на тэлефанаванне сказаў, што ён не ў курсе таго, што адбываецца.

Як раней паведамлялася, у Віцебскім раёне ўжо знішчалі свіней — у чэрвені жывёлы былі канфіскаваныя з прыватных падворкаў вёсак Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка. Аднак ветэрынарная служба Беларусі афіцыйна пацвердзіла толькі ўспышку АЧС у Гродзенскай вобласці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?