З 1 ліпеня экстранную дапамогу ў Беларусі можна выклікаць па нумары 112. Пра гэта БелаПАН паведаміў памочнік міністра — прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.

Паводле яго слоў, новы нумар адкрыты ў дапаўненне да нумара 101 і дзейнічае па ўсёй тэрыторыі краіны. «Калі чалавек патэлефануе па нумары 112, гэта тое ж самае, калі б ён патэлефанаваў па адзіным нумары МНС 101», — растлумачыў прэс-сакратар.

Кароткі нумар 112 адносіцца да катэгорыі экстранных выклікаў, у якую ўваходзяць 101, 102, 103 і 104. Гэтыя нумары можна набіраць як са стацыянарных, так і з мабільных тэлефонаў.

«Сэнс новаўвядзення — гэта, па-першае, нумар экстраннай службы 112 „ушыты“ ва ўсе мабільныя тэлефоны, па-другое, гэты нумар выкарыстоўваецца практычна ва ўсіх краінах Еўропы і ў Расіі, па-трэцяе, у Беларусі хутка чэмпіянат свету і замежныя грамадзяне ў выпадках, калі ім спатрэбіцца дапамога, змогуць звярнуцца па нумары, які яны ведаюць», — растлумачыў Навіцкі.

У суткі на нумар 101 паступае ў сярэднім прыкладна 3.900 званкоў, паведаміў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?