Фільм рэжысёра Сяргея Лазніцы паводле аповесці Васіля Быкава «У тумане» ўжо цягам месяца можна спампаваць і паглядзець у інтэрнэце.

    Дзеянні фільма адбываюцца ў 1942 годзе ў акупаванай нямецкімі войскамі Беларусі. У ходзе расследавання справы аб падрыве цягніка немцы арыштоўваюць пуцявога абходчыка Сушчэню, але затым нечакана адпускаюць. Мясцовыя жыхары пачынаюць падазраваць таго ў супрацоўніцтве з захопнікамі.
    Двое партызан адводзяць Сушчэню ў лес, дзе збіраюцца забіць яго як здрадніка. На шляху да месца пакарання смерцю яны трапляюць у засаду, якую ўчынілі гестапаўцы, што выкарыстоўвалі Сушчэню як нажыўку, каб злавіць партызан. Адзін партызан гіне, другога раняць. Сушчэня застаецца з ім адзін на адзін, і ў яго з’яўляецца шанец даказаць сваю невінаватасць.
    Фільм «У тумане» атрымаў прэстыжны прыз журы Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы FIPRESCI на 65-м Міжнародным кінафестывалі ў Канах, Гран-пры VI Міжнароднага кінафестывалю імя Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», прыз «Залаты абрыкос» на IX Міжнародным кінафестывалі ў Ерэване, узнагароду Адэскага міжнароднага фестывалю, а таксама названы найлепшым фільмам XIV Міжнароднага кінафестывалю ў Трыесце. Карціну знялі за 28 дзён у Латвіі. Гэта міжнародны кінапраект, яго ўдзельнікі — «Беларусьфільм», MA.JA.DE Fiction (Нямеччына), кінакампанія «Джы Пі» (Расія), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрланды), Фонд падтрымкі еўрапейскага кіно «Eurimages».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?