Мера стрымання ў дачыненні да генеральнага дырэктара медыцынскага цэнтра «Экамедсэрвіс» Галіны Валжанкінай заменена на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі.

Нагадаем, што 23-гадовая жыхарка Гродна Юлія Кубарава памерла пасля правядзення пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа ў камерцыйным медыцынскім цэнтры «Экамедсэрвіс».

3 мая Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску была заведзена крымінальная справа па факце смерці дзяўчыны па ч.2 арт.162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента), якая прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю на той жа тэрмін або без пазбаўлення.

Былі затрыманыя анестэзіёлаг-рэаніматолаг, дзве медыцынскія сястры і хірург, які праводзіў аперацыю. У дачыненні да гендырэктара Галіны Валжанкінай была заведзена крымінальная справа па арт.428 КК (службовая халатнасць), якая прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Міністэрства аховы здароўя спыніла дзеянне ліцэнзіі медыцынскага цэнтра «Экамедсэрвіс» на аказанне анестэзіёлага-рэанімацыйнай дапамогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0