Як высветлілася, нават у сваім кабінеце банкір трымаў рэчы, якія сведчаць пра яго сэксуальныя адхіленні.

У 2012 годзе праваахоўнымі органамі Мінска быў затрыманы мужчына, які завабліваў у лес маленькіх дзяўчынак і здзяйсняў над імі распусныя дзеянні, здымаючы ўсё на сваю фотакамеру. Як высветлілася пасля затрымання, педафілам аказаўся начальнік аддзела бізнэс-працэсаў у адным буйным банку.

У мужчыны была жонка і добрая праца са штомесячным прыбыткам у раёне 12 мільёнаў рублёў. Пры гэтым у банкаўскім асяроддзі чалавекам ён быў ужо досыць вядомым — паспеў прапрацаваць у некалькіх найбуйнейшых фінансавых установах краіны.

Як расказаў пракурор Партызанскага раёна Мінска (менавіта гэтая пракуратура падтрымлівала ў судзе абвінавачанне) Рыгор Мішнёў, затрыманне банкіра-педафіла стала магчымыя дзякуючы пільнасці мінака, які заспеў злачынца за агіднай справай з дзвюма дзяўчынкамі ў лесе ў раёне Сцяпянкі.

Мінак паспрабаваў затрымаць педафіла, але той уцёк, кінуўшы фотаапарат. Акрамя фатаграфій дзяўчынак на карце памяці следства знайшло здымкі інтэр’еру яго кватэры. Па гэтых фатаграфіях удалося вылічыць злачынца.

У ходзе расследавання высветлілася, што ў Сцяпянцы банкір-педафіл шукаў нейкую краму. Ён праходзіў міма жанчын, якія гандлявалі нечым з зямлі. Сярод іх была дзяўчынка 10 гадоў, якая прапанавала купіць яму ліхтарык. Банкір правёў дзяўчынку дамоў, даў ёй 10 тысяч рублёў і паабяцаў прынесці падарункі ў наступны раз. Дзяўчынка пагадзілася сустрэцца з мужчынам яшчэ раз у зацішным месцы, сама, па яго словах, прапанаваўшы суседні лес.

На наступную сустрэчу з новым знаёмым дзяўчынка прывяла сяброўку. Яны ўдзвюх і падвергліся «дзеянням сэксуальнага характару» з боку банкіра. Гэтыя сустрэчы паўтарыліся некалькі разоў, пакуль чарговае «спатканне» не перапыніў выпадковы мінак.

Пракурор Рыгор Мішнёў выказаў меркаванне, што дзеці аказаліся такімі згаворлівым, таму што бацькі не надавалі належнай увагі іх выхаванню. Магчыма, дзяўчынак не перасцерагалі пра зносіны з незнаёмцамі. Бацькі недастаткова кантралявалі іх — дзяўчынкі шмат часу праводзілі на вуліцы без нагляду. Імаверна, сем’і былі з невялікім дастаткам, і дзеці лёгка спакусіліся матэрыяльнымі дабротамі.

Падчас следства дзяўчынкі прайшлі спецыяльную экспертызу-гутарку са спецыялістамі, якія высветлілі, што схільнасці да фантазіравання дзяўчынкі не маюць, яны не разумелі, чаго ад іх хоча мужчына і, напэўна, успрымалі гэта як гульню.

Злачынца, імаверна, заўсёды меў схільнасць да ненармальных сэксуальных дзеянняў. У яго кабінеце праваахоўнікі выявілі розныя прадметы для такіх забаваў. Жонка мэнэджара адмовілася даваць паказанні, паведаміўшы следству, што падставаў падазраваць яго ў ненармальных схільнасцях ён не даваў.

Суд Партызанскага раёна прызнаў банкіра вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.167 (гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняга) і ч.3 арт.343/1 (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга, а таксама выкарыстанне заведама малалетняга) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

На думку дзяржабвінавачання, прысуд занадта мяккі. Так, па арт.167 КК РБ, які прадугледжвае пакаранне ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі, суд даў педафілу мінімальны тэрмін — 8 гадоў. А па арт.343/1 КК РБ, якая прадугледжвае ад 5 да 13 гадоў пазбаўлення волі, банкір атрымаў 6 гадоў. Частковае складанне таксама атрымалася на карысць абвінавачанага і вызначыла канчатковы тэрмін пакарання ў 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Пракуратура вынесла пратэст з нагоды мяккасці прысуду. Аднак суд касацыйнай інстанцыі пакінуў першапачатковае рашэнне ў сіле — мабыць, улічваючы, што асуджаны раней не прыцягваўся да адказнасці, а таксама той факт, што фізічнага гвалту ён не ўжываў, цялесных пашкоджанняў не рабіў.

Варта адзначыць, што апошнім часам у педафіліі ўсё часцей абвінавачваліся людзі даволі высокага сацыяльнага статусу. Гэта педагогі, трэнеры, банкіры. Аднак, як заявіў Рыгор Мішнёў, гэта толькі ўяўная тэндэнцыя. Злачынствы з удзелам такіх асоб атрымліваюць большы грамадскі рэзананс. На самай справе 60–70% актаў педафіліі адбываюцца ў сямейна-бытавой сферы. «Гвалт у няўдалых сем’ях успрымаецца як штодзённасць, і пра гэта ніхто не кажа», — патлумачыў пракурор.

Каб засцерагчы дзяцей, Рыгор Мішнёў раіць бацькам растлумачыць дзіцяці, што кантактаў з незнаёмымі трэба пазбягаць, тым больш нічога ад іх не прымаць і нікуды з імі не ісці. Бацькам варта ўзмацніць нагляд за сваімі дзецьмі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?