- Чытаючы часопісы, газэты,
Фармуючы уласны далягляд,
Жылі‑былі ў адным сяле паэты,
Сапраўдныя — штук дзьвесьце пяцьдзесят.
- Апісвaлі і ямбам, і харэем,
Як дрэнна колісь ўсім жылося нам,
Гулялі і пладзіліся, дурэлі,
Залізвалі усё правадырам.
- І так да скону… «Соладка, народзе,
Прынесьці у ахвяру матчын дар…»
Але з усходу хмары надыходзяць,
Над сельсаветам зьменіўся штандар.
- Сумленьне запляванае турбуе:
«Устань з каленяў, курва, не маўчы!»
«Начальства новых вершаў патрабуе,
Таксама новых песьняў — слухачы».
- «Устань, паэт, і зноў на мове чыстай
І матчынай усім загаласі!»
«Як дрэнна нам жылось пры камуністах,
Як добра ў ВКЛ жылося ўсім!»
- Паціху закрываліся газэты.
Тутэйшыя цярпелі і клялі.
Жылі‑былі ў адным сяле паэты…
Жылі‑былі і раптам — памярлі.
- Усе да аднаго, хоць плач, хоць сьмейся.
Заўчасна ляснуў творчы авангард,
Гармонік змоўк, ні вершыкаў, ні песьняў,
Нічога, а нябожчыкаў — зашмат.
- Магілы пустазельлем зарасталі.
Ішлі гады. Ніхто, ну як назьдзіў,
Ні кветачкі маленькай там ня ставіў,
Ні сьвечачкі адной не запаліў.
- Так, люд працоўны нават не заўважыў,
Што мрэ інтэлігенцыя наўмор,
Ён сеяў хлеб і самагонку дзяжыў,
І пэрманэнтна злыньваў за бугор.





